Авіякампаніі трох краін прыпынілі палёты ў Расію з меркаванняў бяспекі
Самалёт, ілюстрацыйнае фота
Пасля інцыдэнта з азербайджанскім самалётам, які разбіўся на тэрыторыі Казахстана, тры авіякампаніі з розных краін прыпынілі палёты ў Расію. Рашэнне тлумачыцца меркаваннямі бяспекі.
Ад 28 снежня палёты ў Сочы, Уфу, Самару, Валгаград, Грозны, Мінеральныя воды і Махачкалу прыпыняе авіякампанія "Азербайджанскія авіялініі". Пра гэта кампанія абвясціла адразу пасля таго, як самалёт, які ляцеў з Баку ў Мінеральныя Воды, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету з прычыны магчымай атакі дронаў на Махачкалу.
Пра частковае прыпыненне палётаў заявіла і казахстанская авіякампанія QAZAQ AIR, перадае DW. Кампанія патлумачыла адмены рэйсаў Астана-Екацярынбург "меркаваннямі бяспекі". Абмежаванне будзе дзейнічаць мінімум да 27 студзеня 2025 года.
Таксама палёты ў Расію на тыдзень прыпыніла ізраільская авіякампанія El Al. Там спаслаліся на "падзеі ў паветранай прасторы Расеі".
Самалёт "Азербайджанскіх авіяліній" разбіўся ў Казахстане 25 снежня пасля таго, як дыспетчары адмовілі яму ў пасадцы ў Грозным і Махачкале. Паводле адной з неафіцыйных версій, прычынай крушэння стала расейская ракета класа "зямля-паветра". Афіцыйным расследаваннем інцыдэнта займаюцца казахстанскія спецыялісты, якія пакуль не даюць каментароў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.