Бацькам давядзецца плаціць за пакінутых у радзільнях дзяцей-інвалідаў

Некаторыя ўжо атрымалі пастановы суда з патрабаваннем аплаціць утрыманне іх некалі пакінутых дзяцей, пачынаючы з 2007 года. Днямі жыхарка вёскі Крамянец Лагойскага раёна атрымала ліст з рашэннем суда, у адпаведнасці з якім жанчына павінна выплаціць больш за 4 мільёны рублёў на карысць пэўнай школы-інтэрната. У лісце ўказвалася, што менавіта ў гэтай установе выхоўваецца яе дзіцё-інвалід, ад якога яна адмовілася яшчэ 7 гадоў таму адразу ў радзільні.

Як высветлілася, справа ў прэзідэнцкім дэкрэце №18, што пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2007 года. У адпаведнасці з ім нядбайных бацькоў прымушаюць праз суд кампенсаваць грошы, якія дзяржава выдаткоўвае на ўтрыманне іх дзяцей у інтэрнатах. Паводле гэтага дэкрэта, у катэгорыю “нядбайных бацькоў” патрапілі не толькі алкаголікі ды іншыя сацыяльна страчаныя людзі, але і тыя, у каго дзеці нарадзіліся фізічна альбо псіхічна хворымі, і выхоўваць іх у сям’і бацькі не захацелі.

Большасці хворых дзяцей насамрэч лепш знаходзіцца ў інтэрнаце, пад пастаянным медыцынскім наглядам, чым дома. Але, як патлумачыў Еўрарадыё старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі беларускага парламента Алег Вялічка, спаганяюць праз суд грошы толькі з тых бацькоў дзяцей-інвалідаў, якія самі адмовіліся ад сваіх бацькоўскіх правоў альбо якіх гэтых правоў пазбавіў суд.

Алег Вялічка: “Калі бацькі ад такіх дзяцей адмаўляюцца, тады іх пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, і тады за гэтых дзяцей-інвалідаў, якія знаходзяцца на ўтрыманні дзяржавы, яны плацяць”.

У тым выпадку, калі бацькі ад сваіх дзяцей не адмаўляюцца, яны атрымліваюць пенсію па інваліднасці, якая і ідзе на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўных установах.

Ва Улукаўскай школе-інтэрнаце выхоўваюцца выключна дзеці-інваліды, бацькі якіх пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Згодна са словамі намесніка дырэктара школы Наталлі Падабедавай, на ўтрыманне дзяцей, у залежнасці ад іх узросту, бацькі павінны выплачваць ад 170 да 200 тысяч у месяц. Але цалкам кампенсуюць выдаткі дзяржавы адзінкі.

Наталля Падабедава: “Адзінкі бацькоў выплачваюць усё ў поўным памеры. Але ж па трохі грошы прыходзяць. Ёсць, канечне, бацькі, якія зусім не плацяць. Але гэта азначае толькі тое, што яны зараз нідзе не працуюць”.

Праўда, у адпаведнасці з прэзідэнцкім дэкрэтам, адсутнасць працы не з’яўляецца перашкодай для спагнання з нядбайных бацькоў запазычанасці перад дзяржавай. Мясцовым уладам дадзенае права часова высяляць іх з кватэр у іншыя, з горшымі ўмовамі жыцця памяшканні, а іх кватэры здаваць наймальнікам. Гэтыя грошы і ідуць на кампенсацыю выдаткаў дзяржавы. Прычым выселіць могуць нават за межы горада, у бліжэйшую вёску, дзе ёсць незаселеная хата.

Дэпутат Алег Вялічка кажа, што такое хоць і здараецца, але кожны раз суд, прымаючы рашэнне паводле пазове да нядбайных бацькоў, улічвае шмат нюансаў і можа іх ад такіх выплат вызваліць.

Алег Вялічка: “Калі ў іх ўзнікаюць праблемы з тым, што ў гэты час яны не могуць заплаціць за ўтрыманне сваіх дзяцей, то суд мае права вызваліць іх ад выплаты запазычанасці па кампенсаванні выдаткаў. Асабліва ў тым выпадку, калі гэта можа стварыць цяжкія матэрыяльныя ўмовы для астатніх дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям’і”.

Праўда, суддзя Смаргоньскага раённага суда Ала Кіндра расказала пра тое, як днямі пазбавіла бацькоўскіх правоў жанчыну. У той трое дзяцей, адно з іх, інвалід з дзяцінства, знаходзіцца ў доме-інтэрнаце. Але наяўнасць яшчэ двух дзяцей не перашкодзіла суддзі вынесці пастанову аб спагнанні з яе грошай за утрыманне яго ў дзяржаўнай установе.

Ала Кіндра: “Днямі жанчыну пазбаўляла я бацькоўскіх правоў. У яе трое дзяцей: двое дзяцей нармальныя, а малодшы быў у Парэчанскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў. Але зараз, калі мы пазбаўляем бацькоўскіх правоў, то адначасова спаганяем і выдаткі на дзяцей”.

Як патлумачыла суддзя, разглядваючы справы па зысках аб спагнанні з бацькоў грошай на ўтрыманне іх дзяцей у дзяржаўных установах, яны могуць нават не ведаць – ці з’яўляецца дзіцё інвалідам. А ў такіх выпадках цяжка, прымаючы нейкае рашэнне, улічваць, з якой нагоды бацькі адмовіліся яго выхоўваць.

Ала Кіндра: “Канкрэтна ведаюць інвалід дзіцё ці не, толькі тая арганізацыя, на чыю карысць з бацькоў спаганяюцца гэтыя грошы. На карысць СПЦ, школы-інтэрната, там, дзе знаходзяцца на ўтрыманні дзеці. Але нам такія заявы на спагнанні падаюцца альбо пракурорам, альбо ўстановай, дзе знаходзяцца гэтыя дзеці. Мы разглядаем справы, але там увогуле не пішуць – інвалід дзіцё ці не”.

На думку ж дэпутата Алега Вялічкі, ведаць гэтага суддзям і няма патрэбы. Кажа, чым больш з бацькоў дзяцей-інвалідаў будуць спаганяць грошай, тым менш яны будуць ад такіх дзяцей адмаўляцца.

Алег Вялічка: “Калі не прымушаць іх кампенсаваць расходы на ўтрыманне, то я баюся, што пры такім падыходзе масава пачнуць адмаўляцца ад такіх дзяцей. Гэта нейкі стрымальны фактар, хоць дзеці і інваліды”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі