Baisan i Buben запісалі альбом лічбавай паэзіі “Iamb’n’Bass”

Праект Buben і Baisan прадстаўляе альбом і кліп на самы наркатычны трэк з яго. Па словах Алеся Плоткі (Baisan), усё пачыналася з праекта “Танцы з Бубнам”, дзе розныя паэты чыталі вершы пад міксы Улада Бубна. Альбом “Iamb’n’Bass” — своеасаблівае адгалінаванне праекта, але ўжо з удзелам выключна Buben і Baisan.

“Альбом змяшчае дзясятак з гакам твораў на мае вершы пад музыку Улада, — працягвае Алесь Плотка. — Адпаведна з назвай альбома, там сапраўды ёсць трэкі напісаныя ямбам і сапраўды прысутнічае drum’n’bass. Мы называем гэта лічбавай паэзіяй. Складаецца ён з твораў рознага перыяду, розных настрояў: ад любоўнай лірыкі да сацыяльнай. Адпаведна, і музыка вельмі розная, Улад выступіў у ролі саўндпрадзюсара і прапускаў вершы праз сябе”.

Дыск выйшаў на лэйбле Believe digital і ўжо з’явіўся на сусветных інтэрнэт-рэсурсах (I tunes, amazonmp3, emusic.com, soundeo.com, rhapsody.com, starzik.com, believeband.com ды інш.). Ужо цяпер праслухаць альбом цалкам можна на афіцыйнай старонцы праекта.

Да таго ж, Buben і Baisan прэзентуюць відэакліп на трэк “MA of MDMA”. Відэа створанае Уладам Бубнам на нумар паводле верша “Лінія”, які быў напісаны Байсанам ў “мёртвы” перыяд творчасці (2008г) у палескім цягніку паміж Лунінцам і Жыткавічамі. Для відэашэрага былі выкарыстаныя падарожныя думкі самога Улада ды Ярылы Пшанічнага.

Бліжэйшы выступ артыстаў адбудзецца 31-га студзеня ў клубе “Салтайм” у кампаніі паэтаў Ярылы Пшанічнага і Змітра Вішнёва ды культавай фармацыі “Князь Мышкін”. Даведкі: +375 29 3637685, Facebook, Vkontakte.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі