Банда з Бабруйска крала ў гомельскіх крамах брытвы і лёзы
У некалькіх гомельскіх крамах амаль адначасова адбыліся крадзяжы прыбораў для галення і парфумы. Як адзначае uvd.gomel.by, злачынцы дзейнічалі зладжана і хутка. Яны хутка выкрадалі дарагія станкі для галення і касеты з лёзамі.
Першы такі выпадак міліцыя зарэгістравала 11 лістапада. Група невядомых зайшла ў краму ў Савецкім раёне Гомеля і цішком скрала 24 упакоўкі касет для галення, 3 брытвы са зменнымі касетамі і 2 гелі пасля галення. Агульная сума стратаў склала больш за 1500 рублёў. Праз гадзіну гэтая ж група зайшла ў краму ў Чыгуначным раёне Гомеля. Там яны скралі сурвэткі, ручнік, 2 электрычныя зубныя шчоткі і 3 упакоўкі туалетнай вады на агульную суму больш за 290 рублёў.
Аднак дзеянні зламыснікаў былі зафіксаваныя камерамі відэаназірання. Неўзабаве аператыўнікі выйшлі на след падазроных. Гэта былі прыезджыя з Бабруйска — тры мужчыны і адна жанчына. Самому старэйшаму — 35 гадоў, самай малодшай была жанчына — ёй 28. Дарэчы, мужчыны маюць судзімасці за падробку дакументаў, крадзеж, разбой і хуліганства, жанчына судзімасцяў не мае.
Пакуль міліцыянты дакументавалі злачынную дзейнасць затрыманых, у міліцыю паступіла чарговая заява пра крадзеж прыбораў для галення. 18 лістапада загадчык крамы паведаміў, што невядомы мужчына скраў 25 касет з лёзамі для галення на агульную суму больш за 1000 рублёў. Відэакамеры зафіксавалі, што крадзеж учыніў 34-гадовы гамяльчук, раней судзімы за крадзеж. Яго затрымалі на наступны дзень, але да таго мужчына паспеў учыніць яшчэ адзін крадзеж — 13 касетаў з лёзамі для галення на суму ў 350 рублёў.
Праваахоўнікі мяркуюць, што зламыснікі кралі тавары, каб потым перапрадаваць іх па больш нізкіх коштах.