Банкруцтва і абарона мінарытарыяў. Беларусь прагрэсуе ў рэйтынгу Doing Business
Сусветны банк апублікаваў новую версію рэйтынга Doing Business. У параўнанні з 2016 годам Беларусь узнялася на 13 радкоў — з 50 на 37 месца.
Пры складанні рэйтынга ўлічваюцца 10 індыкатараў. Без зменаў у Беларусі становішча з "Наяўнасцю бар'ераў пры знешнім гандлі" — захавалася 30 месца. Нязначны прагрэс Сусветны банк заўважыў у "Забеспячэнні выканання кантрактаў" (летась было 28 месца, стала 27), "Рэгістрацыі маёмасці" (было 7, стала 5), "Дасяжнасці атрымання крэдытаў" (было 109, стала 101). Пры гэтым Беларусь крыху здала пазіцыі ў "Складанасці рэгістрацыі новага бізнэса" (было 30 месца, стала 31), "Падаткаабкладанні" (было 95, стала 99), "Атрыманні дазволаў на будаўніцтва" (было 25, стала 28).
А найбольшы прагрэс Беларусь прадэманстравала ў "Падлучэнні да сістэмы электразабеспячэння" (летась было 74 месца, зараз стала 24), "Вырашэнні праблем з неплацёжаздольнасцю прадпрыемстваў" (было 95, стала 69), "Абароне мінарытарных акцыянераў" (было 62, стала 42). За кошт гэтага і дасягнуты рост у агульным рэйтынгу.
Эксперты заўважаюць, што на практыцы ні ў абароне правоў мінарытарыяў, ні ў арганізацыі працэдуры банкруцтва асаблівых зменаў не было. Але цягам года змянялася заканадаўства, аналіз якога і прывёў да прагрэсу ў рэйтынгу.
Бліжэйшыя суседзі Беларусі па новым рэйтынгу — Румынія (36) і Арменія (38). Інгыя партнёры нашай краіны па Еўразійскім эканамічным саюзе — Расія і Казахстан — таксама побач: 40 і 35 месца адпаведна.
Краіны, з якімі мяжуе Беларусь, размеркаваліся наступным чынам: Латвія (14), Літва (21), Польшча (24), Украіна (40).
Цягам года рэйтынг можа быць перагледжаны. Напрыклад, па выніках перагляду Doing Business 2016 Беларусь летась апусцілася на 6 пазіцый у параўнанні з першым рэлізам — з 44 на 50 месца.