Бардак з транспартнай пошлінай: закон увялі, а пра сістэму аплаты забыліся?

Транспартная пошліна накрыла беларускіх аўтааматараў гэтак жа нечакана, як Вялікая Айчынная вайна — Чырвоную армію. Закон хутка прынялі, ён набыў моц, але сплаціць грошы і прайсці тэхагляд аказалася складана.

Раніцай трэцяга студзеня аўтааматары папросту не ведалі, каму гэту новую пошліну аддаць.

“Лінію вы можаце праходзіць, ― тлумачылі на дыягнастычнай станцыі ў раёне вуліцы Карла Лібкнехта. ― Вам выдадуць “Адмову ў выдачы дазволу”. Потым трэба будзе аплаціць тую пошліну, прыехаць да інжынера на зверку нумароў кузава і атрымаць налепку”.

Што праўда, ажыятажу на дыягнастычных станцыях не было. Хто мог, прайшлі тэхагляд да Новага года, каб адтэрмінаваць выплату пошліны на 12 месяцаў.

Але на станцыі ў раёне вуліцы Чыгуначнай знаходзім дваіх звышасцярожных кіроўцаў, якія баяцца зацягваць з тэхаглядам, а да Новага года прайсці не змаглі.

“Сёння раніцай супрацоўнікі тэхагляду звязваліся з кімсьці. Ім сказалі, што да вечара павінны быць тлумачэнні”, ― апавядае дзядзечка з чырвонай “Аўдзі А4”, чакаючы, пакуль адкрыецца брама дыягнастычнай стужкі.

Еўрарадыё: Дык усё адно тэхагляд не паставяць.

Кіроўца “Аўдзі А4”: “Марудзіць і рызыкаваць я б усё адно не стаў, з дзяржавай жарты не пройдуць”.

Звяртаемся да супрацоўнікаў дыягнастычнай станцыі.

“Сказалі, што, можа быць, пад канец дня там нешта высветліцца, ― даюць дзіўныя, але шчырыя тлумачэнні тутэйшыя супрацоўнікі. ― Таму што раніцай нават “Беларусбанк” абавязалі прымаць аплату, але ў іх не было інфармацыі: ні разліковага рахунку, ні прызначэння плацяжу. Усё як заўжды. Трэба таго, хто прымаў закон, пасадзіць сюды працаваць”.

Каля гадзіны дня стала вядома, што механізм па аплаце ўсё ж выпрацавалі. На сайце “Белтэхагляду” змясцілі дакумент “Аб дзяржаўнай пошліне за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху” (дакумент датуецца 31 студзеня мінулага года і выстаўлены без подпісу).

Новы механізм тэхагляду прыдумалі наступны: плаціш пошліну, бярэш квітанцыю і едзеш з ёй на дыягнастычную станцыю. На тым жа сайце выстаўленыя і рэквізіты для аплаты.

Далей ― чарговыя абурэнні. Фізічная асоба можа сплачваць пошліну ці праз банк, ці праз “аддзяленні арганізацыі сувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ”. У другім выпадку маюцца на ўвазе ці то філіялы “Белтэлекаму”, ці то аддзяленні “Белпошты”.

Чытачы паведамілі Еўрарадыё, што праз банкі таму-сяму аплаціць удалося. А вось у кол-цэнтры “Белтэлекама” паведамляюць, што пра пошліну нічога не чулі.

У “Белпошце” патлумачылі, што апрацоўваць транспартны падатак калі і змогуць, то толькі на наступным тыдні.

Супрацоўнік “Белпошты”: “А пакуль інфармацыю аб тым, што арганізаваны прыём такога плацяжу, нам не спускалі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі