Башар Асад расказаў, калі сыдзе з пасады прэзідэнта Сірыі
Прэзідэнт Сірыі Башар Асад заявіў, што ён гатовы сысці ў адстаўку з пасады кіраўніка дзяржавы. Праўда, гэта можа адбыцца ў тым выпадку, калі такі сыход дапаможа вырашыць сірыйскі крызіс.
"Калі мой сыход — гэта вырашэнне крызісу, я, без сумневу, зраблю гэта", - заявіў Асад у інтэрв'ю іранскаму тэлеканалу Khabar TV. Прэзідэнт Сірыі адзначыў, што толькі народ павінен вырашаць, хто мусіць быць кіраўніком краіны. Асад нагадаў, што на праведзеных летась выбарах жыхары краіны падтрымалі яго кандыдатуру.
Ён заклікаў сваіх праціўнікаў "прымаць удзел у выбарах і спрабаваць даказаць свой пункт гледжання", перадае РБК.
Асад заявіў, што асновай любых дзеянняў у Сірыі з'яўляецца ліквідацыя тэрарызму. Афіцыйны Дамаск, па яго словах, гатовы да палітычнага дыялогу з апазіцыяй, аднак паўстанцы не маюць ўплыву на тэрарыстаў.
Дарэчы, заходнія краіны на чале з ЗША неаднаразова называлі адстаўку Асада неабходнай умовай для ўрэгулявання сітуацыі ў Сірыі. Аднак напрыканцы верасня кіраўнік Дзярждэпу Джон Кэры заявіў, што Вашынгтон змяніў пазіцыю ў гэтым пытанні. Па яго словах, амерыканскія ўлады лічаць найлепшым рашэннем, калі Асад будзе сыходзіць паступова. Адстаўка цяперашняга прэзідэнта можа толькі пагоршыць сітуацыю ў Сірыі.
Фота: AFP