Лукашэнка дапамагаў узбройваць сірыйскіх паўстанцаў — БРЦ
Пераносная супрацьтанкавая ракетная пускавая ўстаноўка
Аляксандр Лукашэнка дапамагаў узбройваць сірыйскіх паўстанцаў. Яшчэ падчас грамадзянскай вайны (яна пачалася ў 2011-м) яны маглі атрымліваць ад Беларусі ўзбраенні для барацьбы з урадавай арміяй, піша Беларускі расследавальніцкі цэнтр.
Высветлілася, што ў 2015 годзе Беларусь адправіла ў Балгарыю 240 пераносных супрацьтанкавых ракетных пускавых установак ATGS 9P135M "Конкурс" і 140 ручных гранатамётаў AGS-17. Агульная сума пастаўкі склала 37,9 млн еўра. У тым жа годзе Балгарыя перадала 136 установак "Конкурс" ЗША і яшчэ 80 — Саудаўскай Аравіі. Эксперты кажуць, што для патрэбаў амерыканскага і саудаўскага войскаў савецкія супрацьтанкавыя ракетныя комплексы не ўяўлялі цікавасці. Вядома, што ў гэты перыяд ЗША рэалізоўвалі праграму па ўзбраенні сірыйскай апазіцыі.
Прадстаўнікі амерыканскай абароннай кампаніі Regulus Global сцвярджалі, што яе вайсковыя інструктары праходзілі ў РБ навучанне па выкарыстанні такіх установак. Пра гэта згадваецца ў матэрыялах справы аб гібелі аднаго з гэтых інструктараў у Балгарыі (на палігоне здарыўся няшчасны выпадак). Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OССRP назваў Regulus Global "падрадчыкам Пентагону".
Прадстаўнік Камандавання спецыяльных аперацыяў Злучаных Штатаў Мэцью Ален у 2015 годзе заявіў, што Пентагон набываў у Беларусі ракеты для праграмы ўзбраення сірыйскіх паўстанцаў.
Як вядома, Аляксандр Лукашэнка заўсёды падтрымліваў сірыйскага кіраўніка Башара Асада. І заяўляе пра "добрыя былі чалавечыя стасункі" з ім пасля таго, як той уцёк у Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.