Чым знакаміты Махамед аль-Джулані і яго байцы, якія захапілі ўладу ў Сірыі

Абу Мухамад Аль-Джулані ў мячэці Амеядаў \ AFP

Абу Мухамад Аль-Джулані ў мячэці Амеядаў \ AFP

У мінулыя выходныя ў Сірыі паў больш за пяцідзесяцігадовы рэжым улады сямейства Асадаў. Апошні яго прадстаўнік — прэзідэнт Башар Асад збег у Расію. Улада фактычна перайшла да кааліцыі баевікоў-паўстанцаў з дамінуючай роляй джыхадісцкай групоўкі “Хаят Тахрыр аш-Шам” ці ХТШ, якую ўзначальвае Абу Махамед аль-Джулані.

Еўрарадыё расказвае, хто стаў новым уладаром Сірыі і чаго ад іх чакаць.
 

Джыхадысты і баевікі ўсіх масцяў 

У зрынанні Асаду прымалі ўдзел разнашэрсныя вайсковыя групоўкі з рознымі поглядамі і каштоўнасцямі: ад умераных і празаходніх да радыкальных тэрарыстаў.

Сірыйская нацыянальная армія — гэта кааліцыя нерэлегійных вайскоўцаў, якую фінансуе турэцкі ўрад Рэджэпа Эрдагана. Пры гэтым не ўсе баевікі гэтага падраздзялення па-пратурэцку настроеныя.

Ёсць яшчэ Сірыйскія дэмакратычныя сілы — саюз курдскіх і арабскіх вайсковых атрадаў. Іх падтрымліваюць ЗША.

Чым знакаміты Махамед аль-Джулані і яго байцы, якія захапілі ўладу ў Сірыі
Байцы сірыйскай апазіцыі ў горадзе Хама, Сірыя, 6 снежня / AP/ Гейт Аль-Сайед

На поўдні краіны дзейнічае Паўднёвае ваеннае камандаванне, у якое ўваходзяць друскія і суніцкія сілы. Яны кантралююць раёны на мяжы з Ізраілем. 

Дзейнічае і Вольная сірыйская армія, у склад якой увайшлі дэзерціры з войска Башара Асада. Гэтыя баевікі больш свецкага, неісламісцкага толку. Іх падтрымліваюць умераныя арабскія краіны: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Іарданія і Саўдаўская Аравія, а таксама па пытаннях лагістыкі нават ЗША. 

Але цэнтральнае месца ў кааліцыі займаюць байцы “Хаят Тахрыр аш-Шам”, што ў перакладзе з арабскага значыць “Арганізацыя вызвалення Леванта”. Гэта сілавікі, які адносяць сябе да ісламістаў-салафітаў з даволі радыкальнымі ідэямі. 

Сярод якіх — захоп усіх тэрыторый Усходняга Міжземнамор'я, у склад якога ўваходзяць тэрыторыі сучаснай Сірыі, Лівана, Ізраіля, поўдзень Турцыі, Кіпр, часткі тэрыторый Грэцыі і Егіпта.

Арганізацыя ўтварылася пасля зліцця некалькіх груповак, сярод якіх была сірыйская ячэйка “Аль-Каіды” [знакамітая тэрарыстычная арганізацыя рэлігійных баевікоў, якая здзейсніла тэракт у Нью-Йорку 11 верасня 2001 года. — Еўрарадыё]. 

Чым знакаміты Махамед аль-Джулані і яго байцы, якія захапілі ўладу ў Сірыі
Лідар "Хаят Тахрыр аш-Шам" Абу Махамед аль-Джулані і баевікі ХТШ / Энаб Баладзі

Іх дзейнасць фінансуецца ўрадамі Катара і Турцыі. Сярод іх шмат таксама замежных рускамоўных баевікоў краін і рэгіёнаў СНД: Узбекістана, Туркменістана, Дагестана і г.д.

Вернік, які стаў паўстанцам

Курыруе “Хайат Тахрыр аш-Шам” 42-гадовы вайсковец Абу Махамед аль-Джулані.

Мужчына нарадзіўся ў 1982 годзе ў Саудаўскай Аравіі, але сям’я хутка перасялілася жыць у Дамаск, сталіцу Сірыі. У 21 год Махамед далучыўся да супраціву супраць уварвання ЗША ў Ірак у 2003 годзе, стаўшы членам “Аль-Каіды”. Пазней быў арыштаваны і правёў пяць гадоў у зняволенні ў амерыканскіх турмах Абу-Грэйб і Бука.

Вярнуўшыся ў Сірыю, ён узначаліў арганізацыю "Джабхат ан-Нусру”, мясцовае падраздзяленне “Аль-Каіды". Аднак разрыў з яе лідарам у 2013 годзе прывёў да стварэння незалежнай групоўкі. Яна пазней трансфармавалася ў “Хайат Тахрыр аш-Шам”, аб'яднаўшы сілы ў Ідлібе (горад на паўночным захадзе Сірыі) і іншых рэгіёнах з 2017 года, кіруючы імі праз сваю грамадзянскую адміністрацыю — Сірыйскі выратавальны ўрад.

ХТШ дыстанцыявалася ад транснацыянальных амбіцый груповак, такіх як “Аль-Каіда”, “ІДІЛ” (Ісламская дзяржава Ірака і Леванта), засяродзіўшыся на пабудове Ісламскай рэспублікі ў Сірыі. 

Чым знакаміты Махамед аль-Джулані і яго байцы, якія захапілі ўладу ў Сірыі
Абу Махамед аль-Джулані пасля перамогі над рэжымам Асада 8 снежня / ummid.com

Але самой арганізацыі гэта не дапамагло — нягледзячы на спробы прадставіць сябе як нацыянальна-арыентаваны рух, арганізацыя Махамеда Джулані застаецца ў спісе тэрарыстычных арганізацый ААН, Турцыі, ЗША і ЕС.

Палітыка кіраванай ім арганізацыі менш радыкальная, чым у іншых ісламістаў. У прыватнасці, ХТШ прапаноўвае гарантыі бяспекі для рэлігійных і этнічных меншасцяў, калі яны будуць плаціць за гэта падаткі. Аднак у астатнім эксперты лічаць аль-Джулані даволі жорсткім кіраўніком, не схільным дзяліцца ўладай.

А менавіта гэтае пытанне стаіць перад кааліцыяй паўстанцкіх фарміраванняў — ці змогуць яны дамовіцца паміж сабой, каб раздзяліць уладу, ці працягнуць паміж сабой біцца за яе. Дазнаемся пра гэта ўжо вельмі хутка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі