Бастунец: Пакуль у справе “беларусафобаў” мы бачым парушэнне свабоды выказвання

Бастунец: Пакуль у справе “беларусафобаў” мы бачым парушэнне свабоды выказвання

У матэрыялах затрыманых у нашай краіне аўтараў “Рэгнума” Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне журналісцкай этыкі, але не крымінальнага заканадаўства. Дакладна не вядома, якія публікацыі сталі падставай для арышту Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнкі. Але калі гаворка ідзе пра тыя іх артыкулы, якімі выказвае незадаволенасць міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у сваім лісце расійскаму калегу Міхаілу Швыдкому, то бачым сітуацыю “адзін недарэчны сказ ― трое арыштаваных”. Такое меркаванне выказаў у эфіры Еўрарадыё старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

“У гэтых публікацыях можна знайсці, у асобных ― не ва ўсіх, пэўныя парушэнні закону ці журналісцкай этыкі. Але калі гаворка ідзе пра парушэнні Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, то тут я гэтага не бачу. Затое мы зараз бачым невымяральнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў свабоду выказванняў і меркаванняў”, ― кажа Бастунец.

Па словах старшыні БАЖ, “права мусіць быць адзіным маштабам і калі мы выступаем супраць затрымання Анджэя Пачобута ці Эдуарда Пальчыса, то неабходна быць лагічнымі і гэткую ж пазіцыю займаць і ў астатніх сітуацыях”. А таму, калі ў матэрыялах следства не з’явяцца іншыя публікацыі, дзе сапраўды будзе парушэнне крымінальнага заканадаўства, ці якая парнаграфія, то Беларуская асацыяцыя журналістаў, не выключае Бастунец, можа і выступіць у абарону затрыманых аўтараў "Рэгнума".

Цалкам размову Змітра Лукашука са старшынёй БАЖ Андрэем Бастунцом у эфіры Еўрарадыё можна паслухаць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі