Байцу "Правага сектара" ў Мінску пагражае пяць гадоў пазбаўлення волі
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска працягваецца працэс над жыхаром Наваполацка Тарасам Аватаравым, які некалькі месяцаў ваяваў ва Украіне ў шэрагах "Правага сектара".
Дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Мірончык 3 траўня папрасіў прызначыць падсуднаму пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці, перадае БелаПАН.
Сам Аватараў у апошнім слове заявіў, што ён прадухіліў тэракт на тэрыторыі Мінска, бо здаў выбуховае прыстасаванне праваахоўнікам.
Аватарава вінавацяць у незаконным абароце выбуховага прыстасавання на аснове асколачных гранат для станковага гранатамёта АГС-17 "Полымя" і яго незаконным перамяшчэнні праз мяжу Беларусі. Віну па першым абвінавачанні ён прызнаў, па другім — не.
Дзяржабвінаваўца лічыць, што віна Аватарава цалкам даказаная.
Прысуд па справе Аватарава будзе абвешчаны 5 траўня.
Як паведамлялася раней, Тараса Аватарава затрыманы 26 лістапада на чыгуначным вакзале ў Мінску. Пры ператрусе ў яго знайшлі маску з прарэзамі для вачэй, два пашпарты, самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове асколачнай гранаты, сігнальны пісталет, чорна-чырвоны сцяг, а таксама даведку пра ўдзел у Антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Украіны ад імя "Правага сектара".