БРСМ далучыўся да барацьбы з нелегальнымі гандлярамі
Да барацьбы з несанкцыянаванымі гандлярамі ў Мінску далучыліся атрады БРСМ. Пра гэта паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны" са словаў начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніны Емяльянавай.
"Да праблемы стрымання несанкцыянаванага гандлю падключыліся і байцы Моладзевых атрадаў аховы правапарадку ГА "БРСМ", якія двойчы на тыдзень дзяжураць на трох станцыях метро — "Каменная Горка", "Пушкінская" і "Плошча Якуба Коласа", — распавяла чыноўніца.
Дарэчы, за першы квартал 2018 года працоўныя групы пры адміністрацыях раёнаў правялі 265 рэйдаў. Па іх выніках было складзена 613 адміністрацыйных пратаколаў за несанкцыянаваны гандаль. Сума штрафаў, выпісаных па іх, перавысіла 50 тысяч рублёў.