Беларусь адпраўляе ў Кітай самалёт, туды ж могуць паляцець медыкі і міністр
Аляксандр Лукашэнка даручыў аказаць дапамогу Кітаю ў сувязі з распаўсюдам у гэтай краіне захворвання, выкліканага каранавірусам (ужо вядома пра больш за сотню ахвяр). Як паведамляе БЕЛТА, у самы бліжэйшы час у КНР паляціць ваенны самалёт ІЛ-76МД з грузам лекаў, сродкаў індывідуальнай абароны, са сродкамі дэзынфекцыі.
Тэлеграм-канал Пул Першага інфармуе, што на аэрадроме ў Мачулішчах ужо ідзе загрузка самалёта. Вылет запланаваны на 29 студзеня. Адзначаецца, што гэта толькі пачатак дапамогі, якую збіраецца аказаць Беларусь КНР. Туды нават могуць паляцець вядучыя беларускія медыкі і сам міністр аховы здароўя — для ацэнкі сітуацыі і кансультацый.
Далейшыя захады падтрымкі Кітая выпрацоўваюцца ў МЗС.
У Беларусі не выяўлена ніводнага выпадку захворвання на новы тып каранавіруса. У нацыянальным аэрапорце "Мінск" наладжваюць двайны медыка-санітарны кантроль. Канікулы кітайскім студэнтам, якія вучацца ў Беларусі і паехалі на радзіму, працягнулі на два тыдні. У лютым чакаецца вяртанне і 400 кітайскіх рабочых. Пры гэтым безвіз з КНР не прыпыняецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.