Беларусь атрымала толькі 1/10 чаканых прыбыткаў ад пошлінаў на нафтапрадукты

Беларусь атрымала толькі 1/10 чаканых прыбыткаў ад пошлінаў на нафтапрадукты

Кошт беларускага экспарту ў першым квартале бягучага года знізіўся на 16,7%. Прычынай гэтага стала няўстойлівае становішча на нафтавым, калійным і іншых рынках. Пра гэта паведаміў 27 траўня на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Міністраў першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі.

Па яго інфармацыі, бюджэт краіны недаатрымаў сродкаў. У першым квартале прыбыткі ад мытных пошлінаў на нафтапрадукты склалі толькі 140 мільёнаў долараў пры гадавым плане 1,1 мільярда долараў. Але пры гэтым віцэ-прэм’ер заяўляе пра захаванне фінансавай і валютнай стабільнасці ў краіне. У прыватнасці, захаваны ўзровень балансу знешняга гандлю. Па дадзеных за студзень-сакавік сальда гандлю таварамі і паслугамі знаходзіцца ў межах прагнозу — мінус 0,1% ВУП пры прагнозе 0,9% ВУП.

Беларусь своечасова разлічваецца па міжнародных валютных пазыках, захоўваецца гнуткі валютны курс.

“У першым квартале ваганні курсу дасягалі 22 тысяч за долар пры запланаваным сярэднегадавыі значэнні 18,7 тысячы рублёў за долар. Рынкавыя ваганні валютнага курса тым не менш не выклікалі ажыятажнага попыту на валюту і не абвастрылі сіутацыю на валютным рынку. За чатыры месяцы чысты продаж валюты насельніцтвам склаў 347 мільёнаў долараў у эквіваленце, у тым ліку ў красавіку — 199 мільёнаў долараў у эквіваленце”, — паведаміў Васіль Мацюшэўскі.

Таксама першы віцэ-прэм’ер паведаміў, што сёлета паказнік абясцэньвання нацыянальнай валюты перастаў уплываць на рост спажывецкіх коштаў: калі дэвальвацыя ў першым квартале амаль 10%, то інфляцыя ўтрымалася ў межах прагнозу — 6,4%.

Тым не менш сітуацыя з ростам эканомікі краіны развіваецца паводле песімістычнага прагрозу і гэта адбіваецца на прыбытках насельніцтва і на магчымасцях падтрымаць тыя ці іншыя галіны эканомікі за кошт бюджэту, заявіў Мацюшэўскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі