Беларусь і Расія дамовіліся пра цану на газ
Беларусь і Расія дамовіліся пра цану на газ. Пра гэта стала вядома па выніках сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, інфармуе РІА “Новости”. Спачатку кіраўнікі Беларусі і Расіі на працягу 3,5 гадзін размаўлялі ў фармаце “сам на сам”. Пасля да іх далучыліся чальцы дэлегацый. У выніку, удалося дасягнуць дамоўленасці па праблеме, якая заставалася адкрытай з мінулага года.
БЕЛТА пераказвае словы Пуціна, які заявіў пра ўрэгуляванне адносін у "нафтагазавай сферы", і што рашэнне будзе аформлена ў 10-дзённы тэрмін. "Мы знайшлі схему, пры якой захоўваем нашы падыходы, збліжаем нашы пазіцыі па коштах. Знайшлі магчымасць узаемных саступак. Дамовіліся аб тым, як будзем працаваць у гэтай сферы не толькі ў 2017-м, але і ў 2018, 2019 гадах", — адзначыў Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, у Беларусь выедуць расійскія спецыялісты, якія вырашаць усе пытанні, якія былі да беларускай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў. Расійскі прэзідэнт таксама сказаў, што ў дачыненнях краін не засталося спрэчных пытанняў.
“Мы хацелі захаваць стабільнасць Расіі і Беларусі… Дамовіліся аб сумесных дзеяннях аб захаванні бяспекі нашых дзяржаваў”, — гаварыў Лукашэнка. Ён падзякаваў Пуціну за тое, што ён паабяцаў “сёння-заўтра” прыняць рашэнне аб рэфінансіраванні беларускай запазычанасці. Верагодна, маецца на ўвазе запазычанасць за пастаўлены газ у памеры 700 млн долараў.
Па выніках сённяшняй сустрэчы Лукашэнка заявіў, што абмеркаваў з Пуціным выбудоўванне адносін з Еўрасаюзам і з ЗША, папрасіў не забываць падчас дыялогу з імі пра Мінск. Прэзідэнт Расіі паабяцаў палітычную падтрымку Беларусі.