Беларусь не дазваляе аднавіць навучанне ў літоўскай школе ў Воранаўскім раёне

Школа / Itar-Tass / Scanpix
Школа / Itar-Tass / Scanpix

Беларускія ўлады не дазволяць аднавіць навучанне ў літоўскай сярэдняй школе ў Пелясе ў Воранаўскім раёне. Пра гэта ў панядзелак заявіў віцэ-міністр адукацыі, навукі і спорту Літвы Рамунас Скаўджус.

Як распавядала Еўрарадыё, у сярэдзіне жніўня школу зачынілі, спаслаўшыся на "парушэнні пажарнай бяспекі".

"Калі былі агучаныя дадатковыя патрабаванні пажарнай бяспекі, дырэктар з імі не пагадзіўся, і пачаўся судовы працэс. Але вельмі выразна было сказана, што як бы ні скончыўся судовы працэс, дазвол выдадзены не будзе", —  перадае delfi.lt словы літоўскага чыноўніка. Ён кажа, што патрабаванні, выстаўленыя школе, вымушаюць змяніць канструкцыю будынка.

Дарэчы, афіцыйныя беларускія СМІ адкрыта казалі, што прычына закрыцця школы — пазіцыя літоўскіх уладаў, якія асуджаюць мінскі рэжым.

Скаўджус паведамляе, што 120 дзяцей, якія вучыліся ў гэтай школе, цяпер запісаныя ў бліжэйшыя школы. "Настаўнікам выплацілі выходную дапамогу, на сённяшні дзень яшчэ застаецца працаваць адміністрацыя (...), каб вырашаць гаспадарчыя пытанні", — кажа намеснік міністра.

Дарэчы, сама школа пабудаваная і абсталяваная на сродкі Літвы. Цяпер МЗС Літвы абмяркоўвае, як вярнуць маёмасць, якая знаходзіцца ў школе: інтэрактыўныя дошкі, мікрааўтобусы.

Другая літоўская школа ў Беларусі размяшчаецца ў Рымдзюнах Астравецкага раёна. З гэтага навучальнага года яна пераведзеная на беларускую мову навучання — у адпаведнасці з указам Алякандра Лукашэнкі.

У гэтай школе вучацца каля 90 дзяцей. "У Рымдзюнах засталіся два настаўнікі, якім была дадзеная магчымасць выкладаць літоўскую мову з дапамогай нефармальнай дзейнасці", — дадае Скаўджус.

Школа ў Рымдзюнах таксама была створаная з ініцыятывы і на сродкі Літвы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі