У Беларусі "з-за парушэнняў пажарнай бяспекі" закрылі літоўскую школу
У Беларусі прыпынілі дзейнасць літоўскай школы "з-за парушэнняў пажарнай бяспекі", паведамляе shliah.by. Гаворка пра Пеляскую сярэднюю школу ў Воранаўскім раёне. Яе наведала міжведамственная камісія, якая і выявіла "шэраг парушэнняў": не забяспечана бяспечная і бесперашкодная эвакуацыя дзяцей і педагогаў з памяшкання школы ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, не забяспечана належная супрацьдымная абарона і абарона ад распаўсюду агню і г. д. Была зроблена выснова, што існуе "пагроза прычынення шкоды жыццю і здароўю навучэнцаў і педагогаў". Дзейнасць школы прыпынена да часу ліквідацыі выяўленых парушэнняў.
У Гродзенскім абласным упраўленні адукацыі кажуць, што ў школе навучалася больш за сто дзяцей. 23 з іх жылі ў прышкольным інтэрнаце. Дзейнасць навучальнай установы фінансуецца Літвой, там працуюць 52 чалавекі. З 24 настаўнікаў 10 прыехалі з Літвы. Дзяцей збіраюцца перавесці для навучання "па месцы жыхарства", а педагогам прапануюць працу ў Воранаўскім раёне.
Чыноўнікі нагадваюць, што з 1 верасня пачынае дзйенічаць Кодэкс аб адукацыі, і ва ўсіх школах навучанне будзе адбывацца на дзяржаўных мовах. У ліпені Літва заяўляла пратэст Беларусі з нагоды прыбірання ў дзвюх школах літоўскай мовы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.