Беларус рассяляе ўцекачоў на Азорах і адпраўляе гуманітарку ў Харкаў

"Калі вайна скончыцца, змагу кожны дзень ездзіць на боршч у Еўропу" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Калі вайна скончыцца, змагу кожны дзень ездзіць на боршч у Еўропу" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларус Андрэй Барысевіч дамаўляецца з урадам Азорскіх астравоў пра размяшчэнне ўкраінскіх уцекачоў і дапамагае валанцёрскаму складу ў Варшаве працаваць круцей за склады Amazon.

У мірным жыцці ён бізнесмен, уладальнік і стваральнік авіяцыйнай акадэміі ў ЗША. Цяпер ён павінен быць дома, у Маямі, але ён у Варшаве — дапамагае працаваць гуманітарнаму складу.

Калі вам здаецца, што вы стаміліся і ў вас больш няма сіл, — прачытайце гэтую гісторыю.

 

Барысевіч. "Ні паляцець дадому ў Маямі, ні на віле залегчы не магу"

Цэнтр Варшавы. Грыль-бар "Эскабар". Унутры — кальян, звонку, на ўваходзе, — маленькі ўкраінскі сцяжок. Па ўсёй Варшаве вісяць большыя сцягі, але маладая жанчына без рэчаў заходзіць менавіта сюды, каб спытаць:

— Выбачте, мені сказали, тут можна гуманітарну допомогу отримати?

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
Украінцы ведаюць, што ў гэтым бары можна знайсці дапамогу / Еўрарадыё

Афіцыянт выклікаецца правесці яе на другі паверх.

У некалькіх закрытых памяшканнях бара валанцёры засяроджана фасуюць па каробках. Жаночае адзенне, мужчынскае адзенне, дзіцячае адзенне. Прадметы гігіены, медыкаменты. Ежа. Асобныя каробкі — для вайскоўцаў.

На кожнай каробцы — назва горада і нумар тэлефона чалавека, які сустрэне перадачу на месцы. Больш за ўсё каробак — для Харкава. Адтуль родам уладальнікі "Эскабара".

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
На складзе — тоны гуманітарных грузаў / Еўрарадыё

У галоўнай зале бара расслабленыя госці кураць кальян. Беларус Андрэй Барысевіч за адным са столікаў высвятляе, калі можна будзе адправіць самалёт на дзвесце чалавек да Азорскіх астравоў. Але спачатку ён сам паляціць туды, каб асабіста пераканацца, што ўрад вылучыць уцекачам прыстойнае жыллё.

— Так і жывём. Нон-стопам 24 гадзіны, — кажа Барысевіч.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
Андрэй Барысевіч / фота з асабістага архіва

Люты ён правёў у экспедыцыі ў Антарктыдзе — са спадарожнікавым тэлефонам і без навінавай стужкі. Яшчэ 22 лютага ён думаў, што сакавік правядзе "дзе-небудзь на віле ў Іспаніі". Але калі Андрэй вяртаўся з Антарктыды праз бразільскі Сан-Паўлу, пачалася вайна.

— У мяне была 20-гадзінная перасадка. Я прачытаў навіны. Прачнуўся. І ў той жа дзень вылецеў у Германію.

Адтуль мы з сябрамі паехалі ў Амстэрдам. Я ўбачыў першы антываенны шматтысячны мітынг. Убачыў людзей, якія ўжо на ўсю моц збіралі гуманітарку. Убачыў украінцаў, якія плакалі на плошчы. Зразумеў, што не змагу застацца ўбаку: ні паляцець дадому ў Маямі, ні залегчы на віле ў Іспаніі.

Барысевіч вядзе канал пра авіяцыю на ютубе. Ягоны падпісчык Сяргей Папоў жыве ў Варшаве. Калісьці ён хацеў вучыцца пілатаванню ў авіяшколе Андрэя ў Маямі. У лютым стала не да палётаў: патрэбныя былі мікрааўтобусы, якія вывозілі б уцекачоў з мяжы. Пра гэта Сяргей напісаў у інстаграме.

— Адкрываю сторыз і бачу, што Сярожа шукае мікрааўтобусы. Тэлефаную: Сярожа, якая патрэбна дапамога? Адказ: трэба наогул усё. Таму што хто быў гатовы да эвакуацыі мільёнаў чалавек на трэці дзень вайны? Ніхто.

Карацей, я вярнуўся ў Гановер, арандаваў дзевяцімесны "Форд Транзіт" і паехаў у Варшаву. Па дарозе звязаўся з гуманітарнымі арганізацыямі. У Берліне даверху загрузіў гэтую машыну гуманітаркай. Пакуль ехаў на Варшаву, Сярожа растлумачыў, дзе выгрузіць гэта ўсё. Кажа: пад'язджай на "Эскабар".

Які "Эскабар"? Чаму "Эскабар"? Ну добра.

Прыязджаю пасярод ночы. Думаю: зараз пакіну машыну і пайду спаць. Але як толькі пад'язджаю да гэтых дзвярэй, выбягае чалавек дваццаць хлопцаў, якія за некалькі хвілін разгружаюць усю машыну.

Звычайны вечар у бары

Я нават пакурыць не паспеў, а форд ужо пусты. Хлопцы кажуць: "Дзякуй вялікі, вы знайшлі правільнае месца! У нас тут цэнтр збору гуманітарнай дапамогі".

Я ім: "Вельмі добра, але валізу маю вярніце, вы яе разам з гуманітаркай вынеслі!"

 

"Заходзіць партугалец: у нас 22 машыны гуманітаркі"

На наступны дзень Андрэй зноў прыйшоў у "Эскабар". Кажа, тады ўладальнікі ўстановы наогул не займаліся бізнесам. Усе залы былі запоўненыя валанцёрамі.

— Мы не звальваем усё "дзе-небудзь на мяжы". Хлопцы працуюць вельмі кропкава, у асноўным — на Харкаў, які добра ведаюць. І таму мы разумеем, што калі да Харкава груз даехаў, то там яго дакладна сустрэнуць свае людзі. Гэта мяне больш за ўсё і прыцягвае.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
Ад падлогі да столі — гуманітарныя грузы / Еўрарадыё

Цяпер скрынкі на складзе з гуманітаркай выстройваюцца ў вежкі ад падлогі да столі. Вечарамі за гадзіну валанцёры перакідаюць у машыны 3-4 тоны грузу. На мяжы гэтыя машыны сустрэне канвой, а пасля праз сістэмы размеркавальных складоў іх даставяць у гарады.

Як правіла, валанцёры сюды вяртаюцца.

— Трэці дзень вайны. П'ю каву. Заходзіць партугалец. Кажа: у нас 22 машыны гуманітаркі. Хочам яе выгрузіць, а людзей на гэтых машынах адвезці ў Партугалію. Я кажу: а як вы з Партугаліі сюды прыехалі? Адказваюць: ехалі трое сутак зменнымі кіроўцамі без прыпынкаў. Чувакі, вы проста вар'яты!

Мы іх машыны разгрузілі за паўтары гадзіны — цяпер яны да нас заўсёды прыязджаюць. Хто міма праходзіць, той тут застаецца.

— Як вы?

— Як я. Я тут застаўся на ролі менеджара і "сапорта". Усю лагістыку забяспечваюць хлопцы з "Эскабара". А калі ўзнікае якая-небудзь праблема, звяртаюцца да мяне. Машыны трэба знайсці? Шукаем машыны. Грошы на бензін? Даём грошы. Трэба паехаць і закупіць каробкі? Шукаем бус, кіроўцу, едзем у краму па каробкі.

Усё астатняе, што адбываецца на складзе, — зона адказнасці Надзі. Надзя там — мегамозг. Надзя прыходзіць сюды апоўдні і сыходзіць а другой гадзіне ночы.

 

Надзея. "Кінулі кліч. Усе, хто адпачываў у нас у бары, пачалі дапамагаць"

Надзя — з Харкава. Усе яе блізкія сваякі засталіся ў ваколіцах горада. Хтосьці змог ад'ехаць крыху далей, дзе "не вельмі страляюць".

— Мы дапамагаем, чым можам. Гэта адцягвае ўвагу, — кажа Надзя.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
У асноўным прадукцыя склада адпраўляецца ва Украіну, але і тут дапамагаюць уцекачам / Еўрарадыё

Калі яна расказвае пра тое, адкуль на склад прыходзіць гуманітарка, пакуль сартуе гэтую гуманітарку, пакуль кіруе валанцёрамі, у яе атрымліваецца не плакаць.

— Калі пачалася вайна, тут, ва ўстанове, усе думалі, як дапамагчы. Толькі кінулі кліч у сацсетках — і літаральна ў першую ж гадзіну палякі пачалі прыходзіць з дапамогай. Людзі так шмат усяго прывезлі: прадукты, цёплыя рэчы, спальнікі! Мы адразу ўсё гэта пачалі адпраўляць машынамі ў Харкаў, Кіеў, Марыупаль — у самыя гарачыя гарады. Усё прыйшло куды трэба.

Нам дапамагаюць расіяне, украінцы, беларусы. Я нікога не дзялю. І да беларусаў у мяне прэтэнзій няма: людзі ёсць розныя, як і ў нас, ва Украіне. Як і ў Расіі. Добрыя людзі прыходзяць да нас дапамагаць. Дрэнныя да нас не прыходзяць.

Гэтымі памяшканнямі, якія прымыкаюць да бара, валодае таварыства польска-нямецкага сяброўства. Пачалася вайна. "Эскабар" папрасіў аддаць яго пад гуманітарку. У таварыстве сказалі: вядома, бярыце. Грошай не трэба.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
"Кінулі кліч — і ўсе людзі, якія адпачывалі ў бары, кінуліся дапамагаць" / Еўрарадыё

— Цяпер рэчы да нас прыязджаюць адусюль: з Германіі, Іспаніі, Партугаліі. Тут, на складзе, мы ўсё сартуем. Штосьці едзе ў лякарні, штосьці — у бамбасховішчы, штосьці — да вайскоўцаў.

Што адпраўляем вайскоўцам? У асноўным тушонку, цёплыя рэчы, абмундзіраванне. Ліхтарыкі, батарэйкі, паўэрбанкі, рацыі, біноклі. І яшчэ вельмі шмат медыкаментаў: у нас ёсць медык, які іх сартуе.

Надзя верыла, што вайны не будзе. Нават калі на ўсялякі выпадак усе яе блізкія сабралі трывожныя заплечнікі.

— Думала — дамовяцца. Але — не дамовіліся. Як для мяне пачалася вайна? А чацвёртай раніцы. Харкаў пачалі бамбіць першым. Там мяжа, таму ўсё пачалося ў нас.

У "Эскабары" збіраюць дапамогу для адпраўкі туды. Але калі прыходзяць уцекачы, ім не адмаўляюць у дапамозе.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
Змесціва гэтай каробкі сагрэе дзяцей у Харкаве / Еўрарадыё

Пакуль мы размаўляем, са склада выходзіць маладая ўкраінка Марына (імя змененае) — тая самая, якую мы сустрэлі ля ўвахода ў "Эскабар".

— А вы адкуль? — пытаецца Надзя.

— З Ніколаєва.

Усе, хто ў гэты час стаіць побач, змаўкаюць.

У Марыны было сваё агенцтва па падборы персаналу. Яна дапамагала ўкраінцам знайсці працу ў Польшчы. І цяпер ёй у вайбер працягваюць сыпацца паведамленні з просьбай дапамагчы з працай.

Але цяпер сама Марына разам з дзіцем жыве ў лагеры за паўтары гадзіны язды ад Варшавы. Дзіця захварэла. Цяпер самой Марыне патрэбна любая дапамога. Каардынаты "Эскабара" падказалі яе былыя калегі ў Варшаве.

Тут, на складзе, Марына знайшла рэчы для сябе і дзіцяці. Надзя сабрала для яе цэлую сумку з лекамі. Мы разгаварыліся.

— Розумієте українську? — пытаецца Марына. — Выбачте, не можу російською. Тому що нас не потрібно звільняти.

 

Барысевіч. "Нам патрэбны самалёт і жыллё для 200 чалавек на Азорах"

Вяртаемся са склада ў галоўную залу "Эскабара". Барысевіч толькі што перадаў ключы ад бусаў кіроўцам, якія сёння чарговы раз адправяцца праз мяжу ў Харкаў, гружаныя каробкамі. Адказвае на паведамленні Чарнігаву: адтуль паступіў запыт на дапамогу з пералікам адрасоў і тэлефонаў.

Потым трэба будзе пракантраляваць закупку прадуктаў — гэта паралельны праект Барысевіча. У 2020 годзе дыяспары дапамагалі прадуктамі звольненым пасля пратэстаў беларусам. На трэці дзень вайны праект "перапілілі" пад прадуктовую дапамогу ўкраінскім гарадам. Падрабязней можна прачытаць тут.

Але самая вялікая праблема цяпер — жыллё, кажа Барысевіч.

— Таму я пераключыў фокус увагі на пошук жылля ў Еўропе і дапамогу з транспартаваннем туды. Дамовіўся з Азорскімі астравамі: каля 200 уцекачоў яны змогуць прыняць. І нават дадуць нам самалёт.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
Андрэй Барысевіч даслаў нам фота з відамі Азорскіх астравоў / Андрэй Барысевіч

— А як вы выйшлі на ўрад Азорскіх астравоў?

— Усё праз сяброў. Мой сябар Анатоль Лятаеў, уладальнік міграцыйнага агенцтва, развівае інвестыцыі ў Азоры. Клікаў мяне туды яшчэ месяцы чатыры таму. Я ўжо даўно думаў пра дыверсіфікацыю бізнесу, але тады так і не даехаў.

І тут тэлефануе Толік: кажа, маўляў, прыляцеў на Азоры, дамовіўся з урадам пра сустрэчу. Чакае мяне.

На наступны дзень Барысевіч быў на Азорскіх астравах.

— Сустрэліся з міністрам транспарту. Я папрасіў самалёт і магчымасць размясціць на Азорах 200 чалавек. Міністр казаў агульныя словы. А потым я паказаў яму фатаграфіі. Дастаў тэлефон і пачаў гартаць здымкі, якія асабіста зрабіў у пункце пропуску пад Пшэмыслем.

У міністра — слёзы на вачах. "Я ўсё зразумеў, давайце звяжамся заўтра". Мы выйшлі. Толік сказаў: нічога не выгарыць. Я сказаў: выгарыць.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
"Толік сказаў: не выгарыць. Я сказаў: выгарыць" / Сяргей Гульцоў

Калі выйшаў гэты артыкул, Андрэй зноў быў на Азорскіх астравах. Ён правяраў жылфонд, які мясцовыя чыноўнікі і бізнесмены пагадзіліся вылучыць для прыёму ўцекачоў.

— Калі чыноўнік кажа, што ў яго ёсць месцы ў хостэле, якія ён гатовы аддаць бясплатна, трэба задаваць дадатковыя пытанні. Напрыклад — а колькі ў вас прыбіральняў і душавых на 44 ложка-месцы?

Я знаёмы з будаўнічай сферай і ведаю, што на ўсё трэба глядзець сваімі вачыма. Трэба прыязджаць, адкрываць усе краны, вылічваць аб'ём інвестыцый, які патрэбны, каб усё гэта прывесці ў рабочы стан. Так што ўвесь тыдзень я планую правесці на Азорскіх астравах.

 

Марына. "Вайна скончыцца — і мы адразу дадому"

Андрэй знаёміцца з Марынай з Мікалаева.

— О, Мікалаеў! Віталь Кім [мэр украінскага горада Мікалаева. — Еўрарадыё]! Хочаце на Азорскія астравы? Гэта паўтары тысячы кіламетраў ад Партугаліі ў Атлантычным акіяне. Яны гатовыя размясціць у сябе каля 200 чалавек у розных умовах: пачынаючы ад вілы, заканчваючы нумарамі ў гатэлях і хостэлах.

— Там скарпіёнаў няма? — пытаецца Марына.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
"Хочаце на Азорскія астравы?" / pixabay

— Скарпіёнаў няма, затое ёсць шмат людзей, гатовых прымаць уцекачоў у свае дамы. А ў сезон — яшчэ і вялікая колькасць працоўных месцаў. Мінімальны заробак на Азорскіх астравах — 750 еўра. Падумайце, і калі наважыцеся на рэлакацыю — пішыце. Але ўрад гатовы разглядаць толькі доўгачасовых рэлакантаў. Не на месяц, не на два — хоць бы на паўгода.

— Калі шчыра, мы ў Польшчы спыніліся, толькі каб дачакацца заканчэння вайны. Вайна скончыцца — і мы адразу дадому, — кажа Марына.

— Як і 80% усіх украінцаў, з якімі я гаварыў.

 

Барысевіч. "Калі ты прыедзеш? Мы наварылі восем літраў баршчу"

— А гэта мая любімая бандэраўка, — Андрэй паказвае фатаграфію маленькай дзяўчынкі — Алесі.

Алесю, яе маму і сястру Андрэй днямі давёз да Гановера. Адтуль сям'я адправілася ў Парыж. Часцей за ўсё ён імкнецца вырашаць праблемы дыстанцыйна, але часам, калі паступае запыт на дапамогу, проста садзіцца ў машыну і вязе людзей у іх новы дом.

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков
Алеся / з архіва Андрэя Барысевіча

— Па дарозе мы пасябравалі, усё яшчэ камунікуем. Гадзіну таму Алеся напісала мне: "Калі ты прыедзеш? Мы наварылі восем літраў баршчу".

Андрэй паказвае паведамленне ад Алесі. Алеся піша, што боршч — "найсмачнейшы".

— І калі на боршч?

Белорус расселяет беженцев на Азорах и отправляет гуманитарку в Харьков

— Я думаю, калі ўсё наладзіцца, змагу падарожнічаць па ўсёй Еўропе і есці боршч кожны дзень. І ад такіх гісторый — самая вялікая задаволенасць. Спыніць вайну я не магу, але выцягваць канкрэтных людзей з пекла — гэта тое, што ў маіх сілах.

Андрей Борисевич

— Як людзі выходзяць на вас?

— Інстаграмы, тэлеграмы, чаты. Апублікаваў сторыз пра тое, што ёсць пусты дом у Гановеры. Сторыз рэпоснулі сябры. Людзі напісалі. Ёсць і рэпутацыя: людзі ведаюць, што калі я за нешта вазьмуся, то давяду справу да канца.

— Як жа вам сіл хапае на такі графік?

— Людзі лічаць, што ўва мне ёсць атамны рэактар. Іншага сакрэту няма. Проста ў мірным жыцці я не расходаваў свой патэнцыял на сто адсоткаў. Табе не трэба ўключаць рэжым максімальнай цягі. Гэта як у самалётах: звычайна досыць лятаць на 60% магутнасці. А ў экстрэмальнай сітуацыі ты дадаеш астатнія 40%.

Я проста не п'ю, намагаюся спаць чатыры-шэсць гадзін у суткі. Я выглядаю як — нармальна? Пакуль арганізм дазваляе, можна працаваць.

— Вас з Украінай нешта асабістае звязвае?

— Акрамя адчування глабальнай несправядлівасці? Мая бабуля — з-пад Палтавы. Маё дзяцінства да васьмі гадоў праходзіла ў Палтаўскай вобласці. Увогуле, прыдумайце самі, што мяне звязвае з Украінай, акрамя жадання дапамагчы ўкраінцам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі