Беларусь разлічвае, што кошт на расійскі газ у 2016 г. захаваецца стары або знізіцца
Афіцыйны Мінск разлічвае, што ў 2016 годзе кошт на расійскі газ застанецца ранейшым або нават панізіцца. Пра гэта міністр энэргетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык заявіў у чацвер у Брэсцкай вобласці.
Па словах міністра, кошт на расійскі газ залежыць ад шматлікіх фактараў, змену якіх даволі складана прадказаць. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра валацільнасць расійскага рубля, які ў сваю чаргу таксама залежыць ад мноства фактараў, у тым ліку — ад сусветных коштаў на нафту.
"Што будзе 1 студзеня 2016 года, сказаць вельмі складана. Калі сітуацыя будзе захоўвацца такой, якая яна ёсць сёння, то, магчыма, невялікае зніжэнне кошту расійскага газу", — цытуе БЕЛТА словы Патупчыка. Чыноўнік адзначыў, што для Беларусі зніжэнне коштаў на газ магчымае пры ўмове, што Расія не будзе павышаць унутраныя кошты на газ для сваіх спажыўцоў.
Па словах міністра, у другім паўгоддзі 2015 года кошт расійскага газу для Беларусі павялічыўся на 3 долары за тысячу кубаметраў. Такім чынам, у першым паўгоддзі кантрактны кошт склаў 139 долараў за 1000 кубаметраў без ПДВ, у другім паўгоддзі — 142 долары без ПДВ.
Фота: ria.ru