Беларусь рушыць на Захад вялізнымі крокамі: першы - Мінск-Кракаў

Нейкай дзіўнай падалася мне плошча Малога кракаўскага рынку, калі цішыню яе старых вечаровых сцен парушыла раптам музыка. Чаго толькі ні бачыла і ні чула гэтая плошча, але, мабыць, столькі беларускай музыкі і музыкаў ніколі. 25-га сакавіка ў слаўным Кракаве распачаўся Беларускі тыдзень, у рамках якога адбыўся шэраг культурных акцыяў. На працягу тыдня жыхары і госці мастацкай сталіцы Польшчы маглі наведаць выставы “Unreal Student Life”, “Жывое ў нежывым, альбо Пяты элемент Тэсла”, пазнаёміцца з творамі галерэі “Ars Longa”, пачуць рознастылёвую беларускую музыку, патанчыць старажытныя гарадскія танцы разам з гуртом “Гістарыён”, паназіраць за бойкай беларускіх і польскіх клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі.

Адзін з арганізатараў “Беларускага тыдня ў Кракаве”, прадстаўнік Беларускай Альтэрнатывы Віктар Іваноў зазначыў, што падзея гэтая - перш за ўсё падарунак беларусам, якія па розных прычынах жывуць у Кракаве:

Віктар Іваноў: "Гэты фэст быў задуманы перад усім для беларусаў. Тыдзень пачаўся 25-га сакавіка ў Дзень Волі. Беларусы хацелі пабачыць частку сваёй Беларусі ў Кракаве, таму ім гэта на 100 % цікава. Калі гаварыць пра палякаў, ёсць вялікая група людзей, якія гэтым зацікавіліся, але разнастайная праграма не дазваляе наведаць усе імпрэзы".

І сапраўды, плошча Малога кракаўскага рынку набыла, нягледзячы на дождж, бел-чырвона-белыя рысы, сцэна і публіка знайшлі поўнае паразуменне.

Слухачка: "Для нас, для супольнасці беларусаў у Кракаве, для студэнтаў у Кракаве гэтыя дні вельмі важныя, з нагоды таго, што не часта здараецца паслухаць беларускія гурты, пабачыць жывую беларускую культуру і пазнаёміць нашых сяброў-палякаў з беларускай самабытнасцю.

Я спадзяюся, што арганізатары зробяць пэўныя высновы і будуць арганізоўваць штогод гэтыя дні беларускай культуры, таму што зацікаўленасць і патрэба ў гэтых днях ёсць. Хочацца сказаць усяму свету, што Беларусь - гэта не толькі Лукашэнка, а і вялікая-вялікая класная моладзевая культура, вялікая і багатая гісторыя".

Нават дождж і холад не адбілі жадання ў беларускіх музыкаў выходзіць на сцэну. Адзін за другім на сцэне з’яўляліся “Джамбібум”, “ULIS”, “Нейра Дзюбель”“Палац”, “Яр”, “Крама”, “WZ Orchestra”, ”Drum Ecstasy”, шчыра вітаючы прысутных сваімі старымі і новымі песнямі.

Ігар Варашкевіч, лідэр гурта “Крама”, які нядаўна адыграў канцэрт у мінскім клубе “Гудвін”, лічыць, што ўсё-ткі ёсць розніца паміж выступамі на радзіме і за мяжой і выступае за сяброўства з суседняй Польшчай:

Ігар Варашкевіч: "Безумоўна, ёсць розніца. У “Гудвіне” былі людзі, якія ведаюць усе нашыя песні. А на кракаўскі канцэрт большасць патрапіла выпадкова. Нягледзячы на тое, што людзей было няшмат, я лічу выступ “Крамы” ўдалым, таму што быў кантакт з публікай. Культурная сувязь паміж краінамі гэта заўсёды добра, мы ж суседзі".

Пасля канцэртаў музыкі чулі не толькі словы захаплення ў свой адрас, але і прымалі прапановы на ўдзел у іншых канцэртах і фестывалях. Так, гурт ”Drum Ecstasy” выступіць назіраць на польскім Вудстоку у жніўні месяцы.

Вядома, Віктар Іваноў адзначае, што першы досвед пацягнуў за сабой і некаторыя хібы, але яны не зніжаюць аптымізму на будучыню:

Віктар Іваноў: "Планавалася, безумоўна, большае. Пэўныя рэчы, такія як, напрыклад, надвор’е, затрымкі на мяжы, тэхнічныя замінкі – гэта ўсё натуральна і цяжка прадбачыць. На мой погляд, на 85 % усё адбылося так, як запланавалі. А для першага фэсту, які ладзіць Беларуская Альтэрнатыва ў Кракаве, на маю думку, вельмі ўдала".

Арганізатары запланавалі ператварыць “Беларускі тыдзень у Кракаве” у традыцыйны штогадовы фэст. Ды і наведвальнікі імпрэзы ў гэтым зацікаўлены:

Слухачка: "Я б пажадала, каб гэты фэст ператварыўся ў традыцыю, каб кожны год прыязджалі ўсё новыя гурты, каб прыходзіла больш людзей. Увогуле, я лічу, што гэта вельмі цікавая ідэя, і яе трэба развіваць!"


Беларускія рыцары на Вілле Дэцьюш

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі