Беларус выйграў у покер больш за паўмільёна долараў
Беларускі пакерыст Мікіта Бадзякоўскі, вядомы пад нікам fish2013, заняў другое месца ў майскім онлайн-турніры 2017 SCOOP-15-H і атрымаў 570 тысяч долараў прызавых, піша myfin.by.
Удзельнікі ўносілі ў агульны банк па 25 тысяч долараў. У выніку сума ў банку склала больш за 3 млн долараў.
Наш суайчыннік выйшаў у фінал з гульцом з Расіі пад нікам Black88, у якога была чатырохразовая перавага ў фішках. У выніку яны заключылі ўгоду: беларус гарантавана атрымліваў 570 тысяч долараў, а расіянін — 664 тысячы долараў.
У апошняй раздачы гульцы разыгралі тытул пераможцы і дадатковыя 40 тысяч долараў. Іх і атрымаў Black88.
Дарэчы, зусім нядаўна Мікіта Бадзякоўскі стаў пераможцам "жывога" турніру HK$500,000 Super High Roller у Макао. Там ён выйграў 420 тысяч долараў прызавых.