У Калінінградзе перанеслі помнік Францыска Скарыны

Помнік прывезлі з Беларусі 20 гадоў таму

Помнік прывезлі з Беларусі 20 гадоў таму / t.me/embassybel/

У Калінінградзе перанеслі помнік беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. І зноў яго ўрачыста адкрылі.

Як піша пасольства РБ у Расіі, бронзавая скульптура Скарыны вагой 2 тоны і вышынёй 3,5 метра была адлітая ў майстэрні ў Смалявічах у пачатку 2000-х. Яе аўтар — прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў Анатоль Арцімовіч. У 2004 годзе гэтую скульптуру Калінінградскае зямляцтва беларусаў падарыла Калінінградскай вобласці. Тады помнік вырашылі ўсталяваць на пляцоўцы перад адміністрацыйным корпусам Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта на вуліцы Аляксандра Неўскага ў Калінінградзе.

З таго часу прайшлі 20 гадоў. Падчас будаўніцтва новага кампуса БФУ яго адміністрацыя вырашыла перанесці помнік Скарыны "да гістарычных карпусоў універсітэта, дзе праходзяць навучанне студэнты гуманітарных напрамкаў". На чарговым урачыстым адкрыцці прысутнічаў намеснік старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Вячаслаў Даніловіч. Ён сказаў у сваёй прамове каля помніка Скарыны, што "ў саюзнай дзяржаве мы захоўваем памяць аб тых людзях, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нашых народаў".

У Калінінградзе перанеслі помнік Францыска Скарыны
У Калінінградзе перанеслі помнік Францыска Скарыны

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі