Пісьменнік Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску
Саша Філіпенка
Пісьменнік Саша Філіпенка заявіў, што прынамсі пакуль што пісаць па-беларуску не плануе. Заява прагучала падчас літаратурнага фэсту "Прадмова" ў Вільні.
"Таму што я не адчуваю ў сабе моцы, каб добра пісаць на ёй. Мне вельмі не падабаецца, як некаторыя беларускія аўтары пішуць на рускай мове, потым адносяць кніжкі на пераклад — і робяць выгляд, што іх не перакладалі, што яны адразу пісалі на беларускай. Мне падаецца, што какецтва і літаратура не могуць існаваць побач", — цытуе "Наша Ніва" словы літаратара.
Разам з тым Філіпенка абяцае, што ўсе яго кнігі выйдуць па-беларуску. А новыя кнігі будуць найперш выходзіць па-беларуску, а толькі потым у рускім выданні. Пра гэта пісьменнік, дарэчы, казаў і раней.
"Я разумею, што калі я пішу нават нейкія эсэ на беларускай ці калі размаўляю, ёсць нейкі стоп, калі я пачынаю думаць пра слова, якое мне патрэбна адшукаць цяпер. Гэта не тая мова, якой я дасканала валодаю і адчуваю моц. Ёсць перакладчыкі, якія добра робяць сваю працу. Я не ведаю, што будзе праз некалькі гадоў, але зараз — не", — прызнаецца Філіпенка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.