У Беларусі ўрад распрацоўвае формулу "справядлівага цэнаўтварэння"
Чыноўнікам трэба "распрацаваць формулу" (ілюстрацыйнае фота)
У Беларусі ўрад распрацоўвае формулу "справядлівага цэнаўтварэння". Такую задачу яму паставіў Аляксандр Лукашэнка. На пачатак студзеня ўжо запланаваная нарада.
"Павінна быць справядлівая формула цэнаўтварэння ў Беларусі, каб не было так, як раней: чалавек не паспеў заробак атрымаць — ужо кошты дзесьці выраслі, — гаварыў Лукашэнка ў панядзелак на адкрыцці новых станцый метро. — ...Павінна справядлівая быць цана".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гаворка не пра стрымліванне цэн, а "можа, нават" і не пра рэгуляванне цэн. Ён загадаў, каб да гэтага падключыліся і мінскія ўлады. Паводле яго слоў, "бізнесмены і людзі, якія гандлююць і вырабляюць", павінны ведаць, "у якім калідоры яны дзейнічаюць". "Таму разам з бізнесам сядайце і выпрацоўвайце, — сказаў Лукашэнка. — У першых чыслах студзеня далажыце".
Ці гэта цалкам папулісцкі праект перад выбарамі, ці яго сапраўды паспрабуюць рэалізаваць, стане зразумела ў бліжэйшыя тыдні. Як вядома, Лукашэнка "змагаецца" з цэнамі на працягу дзесяцігоддзяў. Летам 2020-га ён абураўся, што ўрад кантралюе цэнаўтварэнне, а некаторыя цэны выраслі ў два разы. У канцы таго ж года Лукашэнка прапанаваў не абмяжоўвацца рэгуляваннем цэн на сацыяльна значныя тавары, а дзейнічаць "па ўсіх напрамках і параметрах". А восенню 2022-га нават забараніў рост цэн, але праз некалькі дзён сказаў, што "галоўнае — не забарона на рост цэн, галоўнае — выпрацоўка сістэмы кантролю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.