Беларусь знізіла экспартную пошліну на нафту і нафтапрадукты

Беларусь зноў панізіла экспартную пошліну на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Адпаведную пастанову Саўмін прыняў 27 ліпеня 2015 года, перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ўрада.

Стаўка пошліны на сырую нафту зніжаная з 143, 1 да 133,1 долара за тону. На прамагонны бензін — з 121,6 да 113,1 долара, на таварныя бензіны — з 111,6 да 103,8. Мыта на лёгкія і сярэднія дысцыляты складзе 63,8 долара да тону (раней — 68,6). Такая ж стаўка вызначаная для дызельнага паліва, бензола, талуола, ксілолаў, змазачных і іншых масел.

Раней стаўкі вывазной пошліны зніжаліся месяц таму, 1 ліпеня.

У рамках дамоваў аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы Расія пастаўляе ў Беларусь нафту і нафтапрадукты без экспартнай пошліны. Пошліны ўплачваюцца ў расійскі бюджэт пры ажыццяўленні Беларуссю рээкспарту гэтых тавараў за межы Мытнага саюза або экспарту нафтапрадуктаў, зробленых з расійскай нафты. Памеры экспартнай пошліны вызначаюцца сумесна ўрадамі абедзвюх краін.

Фота: rbc.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі