Беларусь зноў пайшла ўніз у рэйтынгу свабоды інтэрнэту
Рэйтынг ахоплівае 72 краіны, з іх у 2024 годзе пазіцыі пагоршыліся ў 27-мі
Беларусь увайшла ў топ краін, якія прадэманстравалі моцнае падзенне ў рэйтынгу свабоды інтэрнэту сёлета.
Рэйтынг ахоплівае 72 краіны, з іх у 2024 годзе пазіцыі пагоршыліся ў 27-мі. Рост прадэманстравалі 18 краін.
"Найвялікшы спад за год адбыўся ў Кыргызстане, за ім ідуць Азербайджан, Беларусь, Ірак і Зімбабвэ", — кажуць складальнікі рэйтынгу.
Пры складанні рэйтынгу ўлічылі той факт, што напярэдадні парламенцкіх выбараў у Беларусі ў лютым 2024 года чыноўнікі часткова абмежавалі доступ да YouTube, каб перашкодзіць беларусам глядзець навагодні зварот Святланы Ціханоўскай.
Як мінімум у 43 краінах з тых, якія ахопліваюць складальнікі рэйтынгу, людзі сутыкаліся з фізічным гвалтам за сваю анлайн-актыўнасць. У трох чацвёртых краін людзі падлягалі арыштам за выказванне сваіх палітычных, сацыяльных і рэлігійных поглядаў у інтэрнэце.
Лепшыя паказчыкі прадэманстравала Замбія. Там сёлета стаў магчымым анлайн-актывізм, гэта паўплывала на паляпшэнне пазіцыі ў рэйтынгу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.