Беларуса ў Польшчы будуць судзіць за ўдзел у дыверсіях
Суд, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com
Польская пракуратура накіравала ў суд абвінавачанне супраць пяці чалавек па справе аб падпалах гандлёвых цэнтраў і крамаў у Польшчы, Літве і Латвіі ў 2024 годзе.
Паведамляецца, што гэта чатыры грамадзяніны Украіны (Данііл Б., Александр Х., Віталь К., Паўло Т.) і грамадзянін Беларусі Сцяпан К. Паводле версіі следства, група дзейнічала па заданні расійскіх спецслужбаў. Затрыманых абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, сабатажы і злачынствах тэрарыстычнага характару — пажарах на буйных аб'ектах, якія здзяйсняліся з мэтай сур'ёзнага запалохвання людзей і, як вынік, уздзеяння на грамадскую думку.
Следства заяўляе пра чатыры эпізоды з падпаламі і спробамі падпалу:
— падпал 13-14 красавіка 2024 года ў Варшаве,
— падпал 9 траўня 2024 года крамы IKEA ў Вільні,
— падпал 12 мая 2024 года гандлёвага цэнтра Marywilska 44 у Варшаве,
— падрыхтоўка да падпалу крамы IKEA ў Рызе.
Беларуса Сцяпана К. вінавацяць у падпале крамы ў Варшаве ў красавіку 2024 года. Тады згарэла частка крамы, шкода склала 3,5 млн злотых. Нашаму суайчынніку пагражае пазбаўленне волі — ад 10 гадоў да пажыццёвага.