Беларусам выгадны рост цэнаў на прадукты?

Пакуль недзяржаўныя выданні палохаюць будучым павышэннем коштаў, дзяржаўная прэса тлумачыць, як гэта будзе цудоўна для эканомікі і, у выніку, выгадна ўсім нам

Урад вымушаны вырашаць задачку з двума невядомымі: як вярнуць на прылаўкі беларускіх крамаў малочныя прадукты і пры гэтым зарабіць валюту, прадаючы нашы прадукты за мяжу.

Мяркуючы па ўсім, малако паўтарае лёс цэменту, які “раптам” знік у Беларусі, а цэментныя заводы білі ўсе вытворчыя планы. Цэмент, нагадаем, “вярнуўся” да беларусаў як толькі падаражэў. Праўда, цяпер ён зноў знікае, але гэта ўжо іншая гісторыя — так мы цэментуем сяброўства з мэрамі Санкт-Пецярбурга і Масквы…

“На малако толькі ў гэтым месяцы (!) цэны павышаліся 5 разоў”, — піша газета “Труд”! — І, як сцвярджаюць нашы чыноўнікі, гэта яшчэ не мяжа…" У кастрычніку цвёрдыя сыры падаражэюць на 5%, свініна і ялавічына — на 3%, кураціна — на 2,5% у месяц, яйкі — не больш за 1,5-2% у месяц. Як ні парадаксальна, але такое падаражанне проста неабходнае нам усім!

Пра гэта цяпер спакойна кажуць тыя самыя дзяржаўныя газеты і чыноўнікі, якія яшчэ ўчора казалі нам жа, што праблемы з малочнымі прадуктамі — журналісцкая “качка” ад самі ведаеце якой прэсы.

Хаця нават цяпер чыноўнікі ўпарта працягваюць “гуляцца словамі”. У інтэрв’ю “Інтэрфаксу” намеснік міністра сельскай гаспадаркі Міхаіл Савельеў патлумачыў, што “калі ў крамах не хапае малака паўтарапрацэнтнай тлустасці або нейкага віду прадукцыі, гаворка ідзе не пра дэфіцыт, а пра недахоп асартыменту”.

Так што “недахоп асартыменту” вельмі нават сур’ёзна адаб’ецца на нашай кішэні. Горш за ўсё давядзецца Міністэрству статыстыкі — яму падлічваць інфляцыю. А прадукты ж “важаць” амаль палову спажывецкага кошыка беларуса. Пры гэтым, паводле планаў урада паказчык інфляцыі сёлета абмежаваны 6-8%, з якіх 5,4% ужо “з’едзеныя” за 9 месяцаў. Хто ж ведаў, што тры апошнія месяцы стануць самымі “дарагімі”?!

Аднак ліха без дабра не бывае. Прынамсі, калі пачытаць дзяржаўную прэсу, выявіцца, што ідзе да рынку. “Советская Белоруссия” тлумачыць, што павышэнне коштаў у канцавым выніку “будзе выгаднае ўсім нам”, і яго “з надзеяй чакаюць сяляне” (самыя нізкааплатныя ў краіне работнікі).

“Мяркуючы па ўсім, цэны давядзецца плаўна ўраўноваць з расійскімі. Гэтага з надзеяй чакаюць сяляне. Расцэнкі, па якіх яны сёння здаюць сыравіну малаказаводам (нават з улікам дзяржаўных надбавак), ад рынкавых далёкія. Самае цікавае, што ўвядзенне адэкватных закупачных цэнаў, паводле разлікаў Мінсельгасхарчу, пазбавіць ад неабходнасці даціраваць вытворцаў мяса і малака. Бюджэт зэканоміць трыльёны рублёў. Эканоміка вёскі выйдзе нарэшце на рынкавыя рэйкі. І самае галоўнае — з краіны будзе вывозіцца не сыравіна, а прадукты з высокай даданай вартасцю. Гэта выгадна ўсім нам”.

Так што Беларусь сама міжволі ідзе да рынку, куды яе штурхалі апошнія 13 гадоў. Дзеля гэтага асабіста я гатовы на месяц адмовіцца да малака. Толькі адно бянтэжыць: наш урад і тут шукае свой “трэці шлях”.

"Урад выпрацуе рашэнне па пытаннях цэнаўтварэння на малако з улікам кан’юнктуры коштаў, якая складваецца апошнім часам на рынках сумежных дзяржаў. Першае рашэнне, якое прыходзіць на розум, гэта ўзняць цэны да іх узроўню ў Расіі ці Украіне. Але рашэнне гэта няпорстае, бо адразу ўзнікаюць пытанні інфляцыі, таксама прыбыткаў насельніцтва, — кажа ў інтэрв’ю “Інтэрфаксу” віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў.

Дык жа апрача рызыкоўнага паказчыка ўзроўню інфляцыі над міністрам вісіць яшчэ і зусім ужо непрыгожы паказчык знешнегандлёвага балансу. Яму б цешыцца поспехамі малаказаводаў на знешніх рынках, а даводзіцца змагацца з гэтым як са злом.

І што зусім незразумела — чаму ў нашых крамах украінскія цвёрдыя сыры прадаюцца па беларускіх коштах…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі