“Беларусбанк” папярэджвае пра актывізацыю махляроў з пластыкавымі карткамі

“Беларусбанк” папярэджвае пра актывізацыю махляроў з пластыкавымі карткамі

“Беларусбанк” выявіў новыя выпадкі махлярства з пластыкавымі карткамі. Адзін з кліентаў стаў ахвярай зламыснікаў, якія тэлефанавалі са схаванага нумара. Карыстальніку карткі прадставіліся праграмістам банка і сказалі, нібыта ён замовіў адваротнае тэлефанаванне праз сайт. Нібыта з асабісты кабінет інтэрнэт-банкінгу ажыццявіўся несанкцыянаваны ўваход. Кліент “павёўся” на гэта і прадыктаваў зламыснікам усе дадзеныя: нумар карткі, тэрмін дзеяння, CVV-код, лагін у інтэрнэт-банкінгу і пароль ад яго. Затым кліенту прыйшло паведамленне з кодам для далучэння карты і часовым паролем. Пасля перадачы коду ўсе грошы з карткі спісаліся.

Іншы кліент захацеў скарыстацца дапамогай у выдачы крэдытаў пры садзеянні аператара “Беларусбанка” Наталлі Саўчанка — такую абвестку зламыснікі размясцілі ў сацыяльнай сетцы Вконтакте. У якасці пацверджання, што заяўка на крэдыт нібыта ўхваленая, яму даслалі карцінку — скрыншот інтэрфейса карпаратыўнага сайта банка, адрэдагаванага з дапамогай фаташопа. Для атрымання крэдыта заставалася націснуць кнопку “Накіраваць на выдачу”. За гэтыя паслугі трэба было пералічыць на плацёжную картку Наталлі Саўчанка суму ў памеры 350 долараў.

У банку раяць ні ў якім разе не паведамляць зламыснікам рэквізіты сваёй карткі і не верыць абвесткам у сацыяльных сетках, а таксама не пераходзіць па незнаёмых спасылках. Для зносінаў з кліентамі банк мае афіцыйныя акаунты ў сацыяльных сетках.

Калі вы ўсё ж зрабіліся ахвярай махляра, то трэба адразу заблакаваць картку і звярнуцца з заявай у міліцыю, а таксама замяніць картку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі