Беларусі ўсё ж перапала грошай ад "Еўрапейскага інструмента суседства"

На ўрачыстае адкрыццё турыстычнага інфацэнтру ў цэнтры Гродна побач з чыгуначным вакзалам прыехаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра. Ён выказаў спадзяванне, што дзякуючы працы новай установе ў Гродна прыедуць турысты з усіх кантынентаў. Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Барыс Казялкоў адзначыў, што грошы на цэнтр далі невялікія, але яны былі вельмі дарэчы. На іх набылі абсталяванне, у тым ліку камп’ютары. Памяшканне адрамантавалі за кошт гарадскога бюджэту.
 
Цэнтр адкрыўся ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Невядомая Еўропа”. Яго мэта — развіваць інфраструктуру беларуска-польскага памежжа ў раёне Аўгустоўскага канала. Праект з’яўляецца часткай праграмы трансмежнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна”, якая фінансуецца па лініі Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. Ён працягнецца да 2010 года. Аб’ём фінансавання для Беларусі складае 440 тысяч еўра, для Польшчы — 300 тысяч. 

У рамках праекта 140 чалавек прайшлі навучанне ў Польшчы як арганізатары турызму і інструктары-ратавальнікі. У планах — стварыць парк актыўнага адпачынку з байдаркамі і роварамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі