Беларуска ўзяла 2-ю прэмію ў прэстыжным сусветным фотаконкурсе

Беларуска Ірына Дайнакова заваявала 2-ю прэмію ў прэстыжным сусветным фотаконкурсе Sony World Photography Awards-2015 за серыю “Дзеці ў спорце”. Раней фатографы з Беларусі не ўваходзілі ў прызы на гэтым конкурсе, толькі траплялі ў шорт-лісты. Але сёлета нашу Ірыну Дайнакову ўганаравалі 2-м месцам у намінацыі “Спорт”. Пераможцам стаў італьянскі фатограф, які здымаў у Балівіі шоў з паядынкамі па барацьбе сярод жанчын.  

Толькі ў намінацыі "Спорт" у Ірыны было 87000 канкурэнтаў. І пры гэтым беларуска здымала звычайныя трэніроўкі дзяўчынак па спартыўнай гімнастыцы. Ірына расказвае, што рабіла акцэнт на эмоцыях.

“Я хацела злавіць нешта ў позірках дзяўчынак, калі яны расслабленыя, у  паўсядзённым жыцці. Прыходзіла да іх тры разы, каб спачатку да мяне прызвычаіліся. Таму што, ведаеце, калі з'яўляецца чалавек з фотаапаратам, то на яго звяртаюць залішнюю ўвагу. Вось калі мы раззнаёміліся і дзяўчаты мяне перасталі заўважаць, тады і былі зробленыя фота”, — апавядае Ірына Дайнакова пра серыю “Дзеці ў спорце”.

Sony World Photography Awards мае гучную назву. Як кажа наша пераможца, гэта адзін з самых прэстыжных бясплатных конкурсаў, дзе сёлета ўдзельнічалі фатографы з 171 краіны.

Ірына Дайнакова супрацоўнічае з гламурным беларускім часопісам La Dolce Vita, а таксама працуе на сябе. Але толькі фотаздымкам яе прафесійная дзейнасць не абмяжоўваецца.

“Мая другая жарсць — гэта турызм. Распрацоўваю маршруты для вандровак. Хутка еду ў Грузію. У нас складзены маршруты па гэтай краіне, але пастараемся знайсці яшчэ нешта цікавае, каб дадаць у праграму”, — выкладае Ірына свае найбліжэйшыя планы.

Серыі пераможцаў зараз выстаўлены ў лонданскай галерэі Somerset House. 

Фота з сацсетак Ірыны Дайнаковай і з сайту worldphoto.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі