Беларуска з Парыжа: “Панікі на вуліцах няма, але гандлёвыя цэнтры закрываюцца”

Беларуска з Парыжа: “Панікі на вуліцах няма, але гандлёвыя цэнтры закрываюцца”

Мінчанка Юлія расказала Еўрарадыё, як зараз выглядае сталіца Францыі і што там адбываецца.

 

Позна ўвечары 13 лістапада ў сталіцы Францыі адбыўся шэраг тэрактаў. Агульная колькасць загінулых ужо больш за 120 чалавек, больш за 200 паранена. У Францыі уведзена надзвычайнае становішча.

Жыхарка Мінска Юлія, якая акурат на гэтыя выходныя паехала ў Парыж з сябрамі адпачыць, расказвае пра ўбачанае:

“Вось я ўжо недзе гадзіны дзьве тут у цэнтры знаходжуся. І не скажу, што нешта асаблівае можна заўважыць. Турысты ходзяць, мінакі, усё нібы спакойна. Каб не ведала, што адбылося ўначы, то, верагодна, не здагадалася бы. Адзінае, што часам чуваць сірэны на вуліцах”.

 

Мінчанка расказвае, што ўчора ўвечары было нашмат больш неспакойна: “Мы пра ўсё даведаліся, калі ў кватэры былі, вярнуліся з горада Там мелі тэлебачанне, інтэрнэт. На вуліцах чулі сірэны. Ведалі ў прынцыпе ўсё тое, што і вы ў Беларусі. Але было насамрэч не па сабе, шок”.

Па назіраннях Юліі, буйныя гандлёвыя цэнтры і выставы пачынаюць зачыняцца — няпроста трапіць у вялікія крамы і кавярні — дзе-нідзе на ўваходзе трэба прайсці нагляд. Аднак узброеных жаўнераў і вайсковай тэхнікі у цэнтры горада няма.

 

Тым часам МЗС Беларусі паведаміла, што ў выніках тэрактаў 13 лістапада быў паранены грамадзянін Беларусі. Ён атрымаў неабходную дапамогу, яго жыццю нічога не пагражае.

 

Фота Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі