"Беларуськалію" прычынілі шкоду на 850 тысяч рублёў

"Беларуськалію" прычынілі шкоду на 850 тысяч рублёў

Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы на дырэктара і намесніка дырэктара па эканоміцы аднаго з прадпрыемстваў, якое абслугоўвае сельскагаспадарчыя арганізацыі Мінскай вобласці, ды іншых асоб. Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэта

Следства лічыць, што з 2010 па 2012 год абвінавачаныя нямэтава выкарысталі больш за 28 тысяч тон мінеральных калійных угнаенняў, прызначаных для сельскай гаспадаркі краіны. Шкода, прычыненая "Беларуськалію", ацэньваецца ў суму больш за 850 000 рублёў.

Паводле бухгалтарскіх дакументаў, калійныя ўгнаенні нібыта былі прададзеныя насельніцтву. Але фактычна ўсе фізічныя асобы пры праверцы апынуліся выдуманымі. А крама, праз якую нібыта прадаваліся ўгнаенні, насамрэч была прадуктовай.

Па звестках следства, калійныя ўгнаенні вывозіліся з базы мінеральных угнаенняў адразу ў Смаленскую, Варонежскую, Арлоўскую і Курскую вобласці Расіі. Фальшывыя таварасуправаджальныя дакументы на вываз калійных угнаенняў за мяжу арганізаваў родны брат дырэктара — кіраўнік прыватнага прадпрыемства.

Прадпрыемства атрымоўвала ў "Беларуськалія" калійныя ўганенні па льготным кошце, а прадавала ў Расію ў некалькі разоў даражэй. За атрыманую розніцу абвінавачаныя набылі дарагія аўтамабілі і нерухомасць у Мінску.

Расследаванне выявіла таксама іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці.

Дырэктар прадпрыемства, які абслугоўвае сельскагаспадарчыя арганізацыі, набыў нібыта для патрэбаў арганізацыі аўтамабіль Toyota Land Cruser Prado. Пры праверцы выявілася, што фактычным уладальнікам аўтамабіля быў сам дырэктар. А пры пакупцы прадпрыемства пераплаціла за аўтамабіль амаль 20 000 долараў ЗША.

Аналагічную схему дырэктар выкарыстаў пры продажы аўтамабіля Audi A6, якім ён карыстаўся чатыры гады, а потым прадаў прадпрыемству. Яшчэ адзін службовы аўтамабіль, Toyota Sequoia Limited, дырэктар па дакументах прадаў свайму кіроўцу па рэшткавым кошце, а фактычна — іншай асобе. Пры гэтым дырэктар паклаў у сваю кішэню больш за 8000 долараў ЗША.

Таксама следства кажа аб прыпісках кіламетражу ў службовым аўтамабілі Toyota Land Cruser Prado — больш за 30 000 кіламетраў. У выніку скрадзена больш за 5000 літраў бензіну АІ-92, якім абвінавачваны дырэктар запраўляў аўтамабілі сваіх блізкіх сваякоў. Калі дырэктар перавышаў хуткасць на службовым аўто, дык у міліцыю ён паведамляў, быццам гэтыя правапарушэнні здзяйснялі яго падначаленыя.

Каб забяспечыць пляменніцы сваёй жонкі месца ў мінскім інтэрнаце на час навучання, дырэктар стварыў у сталіцы "віртуальны" аддзел маркетынгу, куды залічыў сваячку. Насамрэч жанчына ніколі не працавала. Пры гэтым грошы за пражыванне ў інтэрнаце пляменніцы на працягу чатырох гадоў спісваліся з разліковага рахунку прадпрыемства.

Крымінальная справа перададзеная ў Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі