Беларускамоўныя дэкларацыі з’явіліся на памежных пераходах

Але гомельскі суд справу Сямёнава, які адмовіўся запаўняць бланк па-руску, закрываць не збіраецца. Сам маладзён на судовае пасяджэнне, прызначанае на 4 кастрычніка, не пойдзе і штраф плаціць не будзе. 4 кастрычніка ў Гомелі павінен адбыцца паўторны суд над Сяргеем Сямёнавым. Маладзён пры перасячэнні беларуска-украінскай мяжы папрасіў у мытнікаў беларускамоўную дэкларацыю або перакладчыка. Запаўняць паперу па-руску ён адмовіўся. За адмову выконваць законныя патрабаванні Гомельскі раённы суд напрыканцы жніўня аштрафаваў Сямёнава на 30 базавых велічыняў. Гэтыя грошы маладзён плаціць адмовіўся. Адразу пасля суда жыхар Гомеля, які працуе ў Чарнігаве, зноў паехаў ва Украіну. Гісторыя паўтарылася. У выніку — чарговы суд, які спачатку прызначылі на 24 верасня, а потым раптам перанеслі на 4 кастрычніка. Сам Сямёнаў гэты суд вырашыў прапусціць.

“Суд адбудзецца, толькі мяне на ім не будзе. У мяне цяпер невялікія праблемы са здароўем. Я лячуся. Суд я папярэдзіў. Яшчэ ў панядзелак я даслаў хадайніцтва аб пераносе судовага пасяджэння, але адказу не атрымаў”.

Дарэчы, пасля другога пратакола, складзенага на Сямёнава за патрабаванне выдаць беларускамоўную дэкларацыю, з заявай выступіў старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Рыгор Васілевіч. Паводле яго слоў, артыкул за знявагу дзяржаўнай мовы яшчэ ніхто не адмяняў. На гэта маланкава адрэагаваў галоўны мытнік Аляксандр Шпілеўскі, які паабяцаў надрукаваць беларускамоўныя дэкларацыі. Як даведалася Еўрарадыё, бланкі на роднай мове сапраўды з’явіліся на памежных пераходах краіны. Пра гэта паведамілі на пункце пропуску “Варшаўскі мост”.

“Беларускамоўныя дэкларацыі ёсць на ўсіх пераходах Беларусі. Усім жадаючым яны выдаюцца, але наколькі часта — я так адразу з ходу не скажу. У цэлым дастаткова, усім хапае”.

Па словах мытнікаў, у друкарнях замоўлены беларускія бланкі ўжо і на наступны год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі