Беларуская дэлегацыя на чале з Сямашкам вядзе перамовы ў Маскве
У Маскве дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Сямашкам вядзе перамовы. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са словаў прэс-сакратара прэм'ер-міністра Уладзіслава Сычэвіча.
Як распавёў Сычэвіч, перамовы датычаць фармалізацыі дамоўленасцяў, якіх дасягнулі кіраўнікі Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка.
Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін вырашылі ўрэгуляваць усе пытанні ў нафтагазавай сферы. Па выніках перамоваў было заяўлена, што Беларусь і Расія да 2025 года зблізяць цэны на газ. Таксама Расія паабяцала аднавіць пастаўкі нафты ў Беларусь у аб'ёме 24 млн т у год замест цяперашніх 18 млн т. Такі аб'ём расійскай нафты будзе пастаўляцца штогод да 2024 года ўключна. Акрамя таго, Расія паабяцала рэфінансаваць беларускі доўг у памеры 750-800 млн долараў.