Беларуская эканоміка заняла 79-е месца ў свеце
Беларуская эканоміка заняла 79-е месца ў свеце паводле статыстычных дадзеных Сусветнага банка за 2017 год. Такую пазіцыю наша краіна займае па аб’ёме ВУП, які летась складаў 54,4 мільярда долараў, а ўсяго ў рэйтынг трапілі 200 краіны свету.
Эксперты арганізацыі адзначаюць, што ў параўнанні з 2016 годам беларуская эканоміка паказала рост у 1,2 мільярда долараў, але ж усё адно апусцілася ў рэйтынгу на тры радкі. Вышэй размяшчаюцца Уругвай, які мае ВУП у 56,1 мільярда долараў, і Харватыя (54,8 мільярда). За Беларуссю ідуць Танзанія (52 мільярда) і Ліван (51,8 мільярда).
У топ-10 найбуйнейшых эканомік планеты трапілі ЗША, Кітай, Японія, Нямеччына, Вялікабрытанія, Індыя, Францыя, Бразілія, Італія і Канада. Пры гэтым у ЗША аб’ём эканомікі складае ажно 19,3 трыльёна долараў, піша TUT.by
Беларускі ўрад плануе сёлета нарасціць айчынную эканоміку да 60 мільярдаў долараў, а ў 2025 годзе ВУП павінен дасягнуць 100 мільярдаў — такія задачы раней агучваў Аляксандр Лукашэнка.
Асобна Сусветны банк вылучае рэйтынг ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасці — тут у Беларусі 68-е месца ў свеце.