Беларускі тэнісіст Максім Мірны выбыў з US Open
На адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе ў Нью-Ёрку Максім Мірны завяршыў выступ.
Наш спартовец гуляў разам з партнёркай з Кітайскага Тайбэя Хао-Чынг Чан у ліку змяшаных пар. У матчы другога раўнда яны прайгралі аўстралійскаму тандэму Джон Пірс / Эшлі Барці — 3:6, 2:6, перадае БЕЛТА. Нагадаем, што ў стартавым матчы мікста Максім Мірны і Хао-Чынг Чан ўпэўнена абыгралі яшчэ адзін інтэрнацыянальны тандэм — Люсі Градзецка (Чэхія) / Хорыя Тэкаў (Румынія) — 6:3, 6:3.
У мужчынскім парным турніры Максім Мірны і расіянін Міхаіл Южны ў першым крузе саступілі найлепшай пары планеты — амерыканцам Бобу і Майку Браянам.
Такім чынам, выступы на нью-ёркскіх кортах "Флашынг Медоўз" працягне толькі Вікторыя Азаранка. Сёння позна ўвечары яна правядзе паядынак 1/8 фіналу супраць 17-гадовай сербскай тэнісісткі Аляксандры Круніч.
Фота — tennis.by