Беларускіх гастарбайтэраў з Расіі на радзіме ўладкуюць толькі ў траўні

Шмат нашых суайчыннікаў, якія працавалі на будоўлях у Расіі, звольненыя з-за крызісу. На беларускіх прадпрыемствах іх чакаюць толькі ў траўні. Паводле афіцыйных звестак, беспрацоўе нават паменшылася. Будаўнічыя прадпрыемствы Беларусі першыя і пакуль што адзіныя, хто адчуў на сабе вяртанне гастарбайтэраў з усходу. Старшыня аддзела кадраў мінскага будаўнічага ААТ "Мапід" Аляксандр Адзярыха гаворыць, што тэлефон з пачатку году не замаўкае. Такога наплыву жадаючых працаваць ніколі не было. Але ўзяць кагосьці з іх на працу можна будзе не раней за травень, кажа спадар Адзярыха.

Аляксандр Адзярыха: У сувязі з тым, што беларусы пачынаюць вяртацца дадому з Расіі, тэлефон у мяне "чырвоны". Колькасць жадаючых уладкавацца на працу зараз большая, чым ва ўсе папярэднія гады. Але штат у нас ужо набраны.

З іншага боку, палова з тых, хто звяртаецца, не мае ніякага дакументу, які б пацвярджаў іх прафесію. Калі чалавек ехаў у Расію, ён ехаў на "шабашку". Ён ведаў, што будзе любая праца. У нас, вядома, ёсць працы, дзе не хапае працоўных рук, на якія мы бярэм без дакументаў аб адукацыі - гэта працы па добраўпарадкаванні. Але гэта толькі пачынаючы з траўня.

У аршанскі Будтрэст №18 таксама пачалі звяртацца людзі, якім адмовілі ў працы на тэрыторыі Расіі. Гэта ў асноўным муляры ды цесляры, гаворыць супрацоўнік трэсту.

Будтрэст №18: Ці адчуваем мы плынь беспрацоўных? Вельмі адчуваем! За апошні тыдзень да нас звярнулася каля 20 чалавек. У асноўным муляры, цесляры. Людзі ідуць таму, што ў Расіі няма больш працоўных месцаў. Са слоў тых, хто там раней працаваў, у Расіі зараз патрэбныя толькі высокакваліфікаваныя кадры, там зараз няма ранейшых аб'ёмаў будаўніцтва.

З-за таго, што банкі ў Расіі перасталі выдаваць крэдыты на нерухомасць, грошай у будаўнічай галіне на ранейшую колькасць працаўнікоў ужо хапаць не будзе. Адпаведна, колькасць вольных працоўных рук будзе толькі павялічвацца. Вось што распавёў пра сітуацыю на Магілёўшчыне Рыгор Костусеў, які раней падпрацоўваў на піцерскіх будоўлях.

Рыгор Костусеў: Я ўжо некалькіх чалавек ведаю, якія да Новага году вярнуліся з Масквы без працы. Перспектыва такая, што многія будаўнічыя фірмы ў Расіі згортваюць сваю дзейнасць. У першую чаргу будуць звальняць з працы не расіян, а людзей з іншых краін, у тым ліку і з Беларусі. Расійскія банкі не выдаюць крэдытаў на будаўніцтва ні насельніцтву, ні будаўнічым арганізацыям - аб'ёмы будаўніцтва будуць зніжацца. У выніку людзі прыедуць без працы.

А вось на Ганцаўшчыне некаторыя гастарбайтэры ўжо шукаюць працу ў Мінску, а некаторыя наўпрост прапіваюць заробак - распавядае наш карэспандэнт Іван Юрашчык.

Іван Юрашчык: У Ганцавіцкім раёне тыя, хто ездзіў на заробкі ў Маскву, бяруцца за выпадковую працу ўжо ў беларускай сталіцы: два-тры тыдні там, тыдзень дома. Ёсць і такія, хто паціху спажывае, а дакладней прапівае тое, што зарабіў улетку. Згодна з дадзенымі Міністэрства працы, у Ганцавіцкім раёне, лідэры па беспрацоўю ў рэспубліцы, беспрацоўных усяго 2,2%, на пачатку мінулага году было 3%. Насамрэч іх у дзесяткі разоў болей.

Дзіўна, але шукаць працу праз газеты будаўнікі пакуль не спяшаюцца. Колькасць аб'яў па будаўнічых спецыяльнасцях не павялічылася, кожны жадаючы можа надрукавацца ў бліжэйшым нумары. Вось што Еўрарадыё распавялі ў рэдакцыі газеты "Из рук в руки".

"Из рук в руки": Колькасць аб'яў з нумара ў нумар не змяняецца. Усе, хто жадае надрукаваць аб'яву у бліжэйшым нумары, могуць гэта зрабіць без чаргі.

Цэнтры занятасці насельніцтва, так званыя біржы працы, ўвогуле не адчуваюць наплыву ні будаўнікоў, ні прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцяў. Беспрацоўе знізілася, ажыятажу няма, усё ідзе згодна з планам, распавялі нам у Цэнтры занятасці Лунінца.

Цэнтр занятасці: У нас вельмі знізілася беспрацоўе. Беспрацоўных усё меней ды меней. Колькасць беспрацоўных па Лунінецкім раёне на 1 студзеня 2009 - усяго 392 чалавекі. Уявіце сабе! На 1 студзеня 2008 на ўліку было 486 беспрацоўных. Зараз ніякага ажыятажу няма. Усё ціха, спакойна, згодна з планам. Працоўных месцаў прадпрыемствы ствараюць больш, чым планавалася.

Чым беларускія гастарбайтэры збіраюцца займацца да траўня, калі айчынныя будпрадпрыемствы адчуюць недахоп працоўнай сілы, невядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі