Беларускіх студэнтаў высяляюць, каб даць інтэрнат замежнікам

Кожнаму замежнаму студэнту навучальная ўстанова абавязана даць жыллё. Чым больш такіх студэнтаў, тым менш месцаў у інтэрнатах для беларусаў
За апошнія 10 гадоў колькасць студэнтаў-замежнікаў у Беларусі павялічылася ў 3 разы. Расці яна будзе і далей, бо ўжо зацверджана канцэпцыя "развіцця экспарту адукацыйных паслуг". Уладзімір Шапураў, начальнік упраўлення замежных сувязяў Міністэрства адукацыі кажа, што гэта важная частка знешнеэканамічнай дзейнасці краіны.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як адбіваецца наплыў замежнікаў на лёсе беларускіх студэнтаў з рэгіёнаў. Ці хапае ім месцаў у сталічных інтэрнатах? І ў якіх “прапорцыях”  жывуць там цяпер нашы і замежныя навучэнцы.

Эдуард Дацэнка, дэкан медыцынскага факультэта замежных навучэнцаў Медуніверсітэта, распавёў Еўрарадыё, што 99% студэнтаў з замежжа жывуць у інтэрнатах.

Эдуард Дацэнка: “То бок калі яго універсітэт запрашае сюды, у краіну, яму адкрываюць візу на ўезд, на вучобу, то універсітэт абавязаны даць студэнту жыллё”.

Міхаіл Чарапеннікаў, дырэктар студэнцкага гарадка Беларускага дзяржаўнага універсітэта, назваў Еўрарадыё наступныя лічбы.

Еўрарадыё: — На сайце БДУ напісана, што колькасць месцаў у студэнцкіх інтэрнатах 5876. Ці дакладная гэта лічба?

Міхаіл Чарапеннікаў: — Так, менавіта столькі.

Еўрарадыё: — Уладзімір Шапураў кажа, што ўсё больш навучаецца ў нас іншаземцаў…

Міхаіл Чарапеннікаў: — Ім адведзена 1100 месцаў, а астатнія — беларусам.

Еўрарадыё: — Ці праўда, што з кожным годам колькасць месцаў для іншаземцаў павялічваецца?

Міхаіл Чарапеннікаў: — Сёлета стала болей, але нязначна, у межах адной сотні.

Калі падлічыць, атрымліваецца, што цяпер у інтэрнатах БДУ на пяць беларусаў жыве адзін замежнік. Тым больш, што 350 месцаў займаюць яшчэ супрацоўнікі універсітэта з сем’ямі. Тое, што колькасць замежнікаў павялічылася сёлета недзе на сотню, азначае таксама, што яшчэ недзе сотні беларускіх студэнтаў не дадуць пакой у інтэрнаце. Калі ўлічыць, што спачатку засяляюць дзевяць груп льготнікаў, то наўрад ці многім “звычайным” студэнтам дастанецца пакой.

Такая ж прапорцыя і ў лінгвістычным універсітэце. Распавядае начальнік аддзела міжнародных сувязяў Аляксей Тучынскі: "456 замежнікаў у нас".

У інтэрнатах МДЛУ 1455 месцаў, але толькі 256 замежнікаў там жывуць. Такім чынам, і там на пяцёх нашых студэнтаў — адзін замежны. Толькі 29% студэнтаў гэтага універсітэта забяспечаны інтэрнатам.

Пра сітуацыю ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце нам распавёў Анатоль Жук, дырэктар студэнцкага гарадка універсітэта.

Анатоль Жук: “8,5 тысяч месцаў у нашых інтэрнатах. А іншаземцаў у іх — 600 чалавек”.

Значыць, у інтэрнатах БНТУ суадносіны замежных і беларускіх студэнтаў 1:14.

З самых буйных навучальных устаноў застаўся толькі медыцынскі універсітэт. Эдуард Дацэнка распавёў Еўрарадыё, колькі іншаземцаў налічвае іх ВНУ.

Эдуард Дацэнка: “На 1 траўня ў нас было іх 705 чалавек — студэнтаў, слухачоў падрыхтоўчых курсаў і ардынатараў”.

Яшчэ два гады таму у БДМУ навучаліся толькі 500 замежных студэнтаў. Значыць, за два гады месцаў для беларусаў у інтэрнатах паменела на 200. Тым не менш, медуніверсітэт трымае даволі высокі паказальнік засялення студэнтаў у інтэрнаты — каля 80%.

Студэнтам і абітурыентам застаецца спадзявацца на новыя інтэрнаты “студэнцкай вёскі”, якія часткова вырашаць праблему недахопу месцаў. Пакуль жа ў дзяржавы курс на прыцягненне студэнтаў з-за мяжы, многія беларускія навучэнцы вымушаныя шукаць кватэры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі