Беларускія апазіцыянеры зноў выйшлі на пікет салідарнасці з Надзеяй Саўчанка
Беларускія палітыкі, грамадскія дзеячы і актывісты 9 сакавіка зноў выйшлі на акцыю салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка, якую расійскія ўлады ўтрымліваюць у ізалятары і абвінавачваюць у забойстве дваіх расійскіх тэлежурналістаў.
Удзельнікі акцыі прыйшлі да расійскай амбасады і разгарнулі плакаты з надпісамі “Свабоду Надзеі Саўчанка”, “Путлер забівае Саўчанка” і іншыя. Таксама удзельнікі трымаюць украінскія сцягі і кветкі. Некаторыя маюць жоўта-блакітныя шалікі і стужкі. Міліцыя не затрымлівае пікетоўцаў. Побач працуюць камунальныя службы, але яны таксама не перашкаджаюць акцыі, паведамляе Радыё Свабода.
Першая акцыя салідарнасці з украінкай адбылася ў Мінску ўвечары 7 сакавіка. Сёння Надзея Саўчанка выступіла ў судзе са сваім апошнім словам. Прысуд лётчыцы вынесуць 21-22 сакавіка, абвінавачанне патрабуе для яе 23 гады зняволення. На знак пратэсту супраць зацягвання судовага працэсу жанчына з 4 сакавіка абвясціла сухую галадоўку.