Беларускія плыўцы не маюць магчымасці паехаць на кваліфікацыю да Алімпіяды
Беларускія плыўцы не могуць паехаць на кваліфікацыю да Алімпіяды / pexels.com, ілюстрацыйнае фота
Беларускія плыўцы на сённяшні дзень не маюць магчымасці паехаць на кваліфікацыйныя старты да Алімпійскіх гульняў. Пра гэта ў каментары тэлеканалу СТБ заявіла намесніца старшыні Беларускай федэрацыі плавання Ганна Капачэня.
Па яе словах, асноўным стартам для беларускіх спартоўцаў на сёння з'яўляецца фінал Кубка Расіі. Падрыхтоўка да яго праводзіцца ў Брэсце.
Крытэрыі да ўдзелу беларускіх плыўцоў у Алміпіядзе-2024 вызначыць камісія, створаная Міжнароднай федэрацыяй плавання. Пра іх мусяць абвясціць падчас чэмпіянату свету ў Фукуоку, які пройдзе напрыканцы ліпеня.
Капачэня патлумачыла, што любы старт з міжнароднага календара Афін зʼяўляецца кваліфікацыйным. Спартоўцы могуць удзельнічаць у адкрытым чэмпіянаце Швецыі або адкрытым чэмпіянаце Харватыі. Але беларусы не маюць магчымасці туды паехаць.
Міжнародныя санкцыі супраць беларускіх і расійскіх спартоўцаў сталі рэакцыяй на шырокамаштабную вайну, якую Расія пачала ў лютым 2022-года. Сёлета МАК рэкамендаваў дапускаць беларускіх і расійскіх атлетаў да міжнародных спаборніцтваў індывідуальна і ў нейтральным статусе. Пры гэтым ставіцца ўмова, каб такія спартсмены не падтрымлівалі актыўна вайну ва Украіне, а таксама не мелі кантрактаў з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.