Беларускія прадпрымальнікі напісалі Аляксандру Лукашэнку

Прадстаўнікі малога бізнесу просяць Аляксандра Лукашэнку накласці мараторый на правядзенне праверак і практыку канфіскацыі тавараў, якія ўвезеныя і рэалізуюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі з парушэннем тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці". Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 8 снежня ў Мінску паводле вынікаў форуму прадпрымальнікаў.

Форум, арганізаваны рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Перспектыва", сабраў прыблізна 100 прадстаўнікоў малога бізнесу. У ім таксама ўзялі ўдзел чыноўнікі Міністэрства гандлю, Міністэрства па падатках і зборах і Дзяржстандарту.

Просьбу забараніць праверкі і канфіскацыю прадпрымальнікі аргументавалі тым, што ў іншых краінах — удзельніцах Мытнага саюза, у прыватнасці ў Расійскай Федэрацыі, патрабаванні гэтага тэхрэгламенту не выконваюцца.

Акрамя гэтага, Лукашэнку просяць накласці мараторый на праверкі і канфіскацыю тавараў, калі выяўляюцца парушэнні ўказа № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі", выпушчанага ў падтрымку згаданага тэхрэгламенту МС.

У прынятым дакуменце прадпрымальнікі таксама просяць адмяніць абавязацельства гандляваць з 1 сакавіка 2015 года таварамі легпрама толькі з усімі неабходнымі суправаджальнымі дакументамі. Пры гэтым яны разлічваюць, што беларускія ўлады змогуць ім садзейнічаць пры атрыманні поўнага пакета дакументаў у пастаўшчыкоў у краінах МС.

У выпадку калі сітуацыя з атрыманнем патрэбных дакументаў у астатніх краінах мытнай тройкі не вырашыцца, прадпрымальнікі просяць улады вярнуць вяршэнства нацыянальнага заканадаўства ў галіне рэалізацыі тавараў легпрама.

"Прадпрымальнікі Беларусі адкрытыя для размовы, і ў нас няма іншых мэтаў, як рабіць разам нашу краіну спакойнай, багатай, таму што ад гэтага залежыць наш бізнес і наша жыццё. Нам жыць у гэтай краіне! Калі ўлада хоча таго ж, яна абавязаная да нас прыслухацца і разам знайсці вырашэнне нашых праблем сёння", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Гэты дакумент будзе адпраўлены ў Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама міністэрствы і ведамствы эканамічнай скіраванасці.

Чарговы форум прадпрымальнікаў "Перспектыва" мае намер правесці 16 лютага, інфармуе БелаПАН.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі