Беларусу, які атакаваў амбасаду ў Вільні, прызначылі прымусовае лячэнне

Мацвей Бяляй

Мацвей Бяляй / svaboda.org

Мацвея Бяляя затрымалі пасля вяртання ў Беларусь і прызначылі прымусовае лячэнне.

Актывіст праславіўся тым, што ў Вільні кінуў запаленую лампадку ў беларускую амбасаду, за што трапіў пад суд. Значнай шкоды ён не прычыніў, амбасада прэтэнзій не выстаўляла. У выніку беларусу прызначылі 11 месяцаў папраўчых работ.

Аднак у красавіку 2025-га ГУБАЗіК паведаміў, быццам Бяляй быў дэпартаваны з Літвы ў Беларусь, пасля чаго яго затрымалі.

Як даведаўся праваабарончы цэнтр "Вясна", мужчыну затрымалі ў межах крымінальнай справы, але ў Беларусь ён вярнуўся самастойна, а не па дэпартацыі.

Яго абвінавацілі ў шэрагу палітычных артыкулаў — ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 4 арт. 16 арт. 341 КК (падбухторванне да псавання маёмасці або апаганьвання будынкаў), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Суд Барысаўскага раёна прызначыў яму прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.