Беларусы сталі жаваць на экспарт у 10 разоў актыўней, чым раней
Каханне гэта... Жуйка! Фота: gallery.ykt.ru
За тры гады Беларусь стала закупляць амаль у 10 разоў больш жавальнай гумкі. У 2015 годзе наша краіна імпартавала 88 тон жуйкі, а ў 2017-м - 824 тоны. З чаго раптам беларусы вырашылі "жаваць — не перажываць"? Цікавыя лічбы публікуе блог antijournalist.by:
У 2016 годзе Расія ўвяла супраць Турцыі эканамічныя санкцыі. Сярод іншай "санкцыёнкі" апынулася і жуйка таксама. Але павінен жа нехта зжаваць турэцкае? У 2015 годзе Беларусь імпартавала з Турцыі толькі 11 тон жуйкі (з Кітая — у тры разы больш), а ў 2016 ужо 82 тоны. А ў 2017-м — 679 тон (з Кітая — у 20 разоў менш).
Але калі б мы толькі жавалі! Ці лепш так: калі б гэта жавалі мы! Вораг нашага сябра — наш лепшы гандлёвы сябар і партнёр.
У 2015 годзе Беларусь прадавала ў Расію ўсяго 6,4 тоны жуйкі. У 2016 годзе гэта было ўжо 107 тон, а ў 2017-м мы паспелі прадаць ім 647 тон! Паглядзіце, як гэта прыгожа: імпартавалі з Турцыі 679 тон жуйкі, экспартавалі ў Расею 647 тон жуйкі!
"Свежае дыханіе аблягчает паніманіе", як адной краіне зарабіць на прынцыповасці двух іншых.
Але, на жаль, гэты рынак зачыніўся. З 18 сакавіка 2017 года Расія зноў дазволіла сабе жаваць турэцкае. Магчыма, праз гэта ў студзені 2018 года наша краіна прадала Расіі толькі 31 кг жуйкі.