Беларусы затрымалі манголаў, якія плылі на лодцы ў Літву (фота)
Здарэнне адбылося ў нядзелю. Бацьку і сына раней дэпартавалі з Нямеччыны і яны спрабавалі вярнуцца, каб уз'яднацца з сям'ёй.
Беларускія памежнікі затрымалі ў нядзелю, 12 ліпеня, на Нёмане дваіх манголаў, якія плылі на надзіманай лодцы ў Літву. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, 38-гадовы мужчына і яго 15-гадовы сын некалькі гадоў жылі ў Нямеччыне і летась былі адтуль дэпартаваныя на радзіму.
Жадаючы ўз'яднацца з часткай сям'і, якая засталася ў Нямеччыне, манголы спрабавалі нелегальна патрапіць у ЕС. Для гэтага ім давялося праехаць праз усю Расію і Беларусь. Нелегалы добра падрыхтаваліся, мелі лодку. Цяпер ім пагражае дэпартацыя і забарона на ўезд у нашу краіну на тэрмін 5 гадоў.
Фота: gpk.gov.by