Бельгія абыграла Бразілію і крочыць у паўфінал чэмпіяната свету па футболе

Бельгія абыграла Бразілію і крочыць у паўфінал чэмпіяната свету па футболе

У першым паўфінале чэмпіяната свету па футболе 2018 года сыйдуцца дзве еўрапейскія каманды. Як, у прынцыпе, і ў другім, але тут у футбалістаў з Лацінскай Амерыкі хаця б была магчымасць прайсці далей. Але ўдзень 6 ліпеня Францыя не пакінула шансаў Уругваю. Увечары таго ж дня бельгійцы не менш упэўнена разабраліся з бразільцамі, пяціразовымі чэмпіёнамі свету: 2:1

У пары Бельгія — Бразілія фаварытамі лічыліся менавіта апошнія. Але бельгійцы і не думалі тушавацца на фоне самай тытулаванай зборнай свету. Яны пачалі гульню з серыі атак, якія неспадзявана прынеслі плён: пасля падачы кутніка Фернандынья зрэзаў мяч у свае вароты.

Бразільцы пайшлі наперад і стварылі некалькі небяспечных момантаў. Але пасля няўдалага кутніка зборная Бельгіі злавіла іх на контратацы: Лукаку працягнуў мяч амаль праз усё поле і аддаў пас на Дэ Бройнэ, які дакладна прабіў ад лініі штрафной у дальні ад Алісона кут.

Увесь другі тайм бразільцы спрабавалі адквітаць хаця б адзін мяч, дэманструючы выдатную тэхніку і перыядычна накіроўваючы галоўнага арбітра матча глядзець відэапаўторы. Але сербскі суддзя Міларад Мажыч ніводнага пенальці так і не паставіў.

На 76-й хвіліне Аўгусту, які выйшаў на замену ўсяго 3 хвіліны таму, вярнуў у матч інтрыгу. Але на большае бразільцаў, на жаль, не хапіла.

У выніку апошняя нееўрапейская каманда пакідае чэмпіянат свету ў Расіі. 7 ліпеня нас чакаюць яшчэ дзве гульні 1/4 фінала: Швецыя — Англія (удзень) і Расія — Харватыя (увечары).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі