Беспарадкі ў Парыжы. На вуліцы выйшаў спецназ
У парыжскім прыгарадзе Трап натоўп моладзі другую ноч запар закідвае камянямі паліцэйскіх і падпальвае аўтамабілі.
У нядзелю ў прыгарад быў уведзены паліцэйскі спецназ, які застанецца там да заканчэння беспарадкаў. Пакуль яны толькі разрастаюцца. Сутыкненні пачаліся пасля таго, як паліцыя арыштавала 21-гадовага француза, які перайшоў у іслам. Яго жонцы было загадана зняць нікаб - чадру, якая цалкам закрывае твар, нашэнне якой на вуліцы забаронена французскім заканадаўствам. Падазраваны абвінавачваецца ў тым, што ён спрабаваў задушыць аднаго з паліцэйскіх, перадае BBC.
У пятніцу ўвечары каля 300 чалавек напалі на паліцэйскі ўчастак, дзе ўтрымліваўся затрыманы. У выніку адзін 14-гадовы падлетак трапіў у лякарню з раненнем вока.
У Трап накіраваныя атрады паліцыі асобага прызначэння. Міністр унутраных спраў Францыі Мануэль Валлс заявіў, што яны застануцца ў гэтым прыгарадзе да таго часу, пакуль не будзе адноўлены парадак.