Без намёкаў. Адмяніў выбары і стаў “пажыццёвым прэзідэнтам”
Пачаў палітычную кар’еру яшчэ ў Савецкім Саюзе, “элегантна” стаў прэзідэнтам сваёй краіны, зрабіў “абнуленне” тэрміну, а потым увогуле адмяніў выбары як непатрэбныя.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як Сапармурата Ніязава прызначылі “пажыццёвым прэзідэнтам” Туркменіі. Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю — выпадковыя.
13 студзеня 1990 года Сапармурат Ніязаў быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савета Туркменскай ССР. Праз паўгода дэпутаты прынялі Дэкларацыю "Аб дзяржаўнай самастойнасці Туркменскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". Пасада прэзідэнта была ўведзеная ў Туркменістане яшчэ да афіцыйнага яе замацавання ў новай Канстытуцыі — у 1990 годзе.
Ніязаў быў абраны на гэтую пасаду шляхам усенароднага галасавання. Паводле афіцыйных звестак, за яго прагаласавалі 98,3% выбаршчыкаў. Лукашэнка такой падтрымцы народа можа толькі пазайздросціць!
Пасля прыняцця Канстытуцыі Ніязаў прапанаваў правесці новыя выбары, каб прывесці свае паўнамоцтвы ў адпаведнасць з новым Асноўным законам. У 1992-м адзіны кандыдат Ніязаў быў пераабраны прэзідэнтам большасцю выбаршчыкаў: за яго аддалі галасы 99,5%.
Фактычна Ніязаў правёў “абнуленне”: свой прэзідэнцкі тэрмін пачаў лічыць ад 1992-га, а не ад 1990-га. Нешта падобнае ў 1996-м адбудзецца і ў Беларусі: праўда, Лукашэнка “забудзецца” пра свае папярэднія два гады праз канстытуцыйны рэферэндум, а не праз новыя прэзідэнцкія выбары.
У другой палове 1993 года Дэмакратычная партыя Туркменістана (былая Камуністычная партыя) прапанавала падоўжыць паўнамоцтвы Сапармурата Ніязава на другі пяцігадовы тэрмін без правядзення перавыбараў у 1997 годзе. І ўжо ў студзені 1994-га на ўсенародным рэферэндуме пераважная большасць выбаршчыкаў, паводле афіцыйных звестак, падтрымала гэтую ідэю.
Што ж, пытанне з другім тэрмінам вырашылася — можна было спакойна чакаць 8 гадоў да сканчэння паўнамоцтваў. Але што рабіць у 2002 годзе?
Тут на дапамогу прыйшоў падкантрольны Ніязаву Народны савет, які ў 1999-м прыняў рашэнне… зрабіць яго пажыццёвым прэзідэнтам. Лукашэнку такое і не снілася! Ён праз чарговы рэферэндум падарыў сабе магчымасць абірацца неабмежаваную колькасць разоў. Але не пажыццёвае прэзідэнцтва!
У 2002 годзе Ніязаў аўтаматычна працягнуў свае паўнамоцтвы. Аднак кіраўнік Туркменіі тады заявіў, што ў 2008-м выбары ўсё ж адбудуцца. Маўляў, за крэсла сінімі пальцамі не трымаецца. Праўду ён казаў ці не, мы ўжо не даведаемся. У 2006-м Ніязаў памёр ва ўзросце 66 гадоў. Да таго Туркменбашы цяжка хварэў. У яго былі сардэчная недастатковасць і некампенсаваны дыябет.
На змену Ніязаву прыйшоў Гурбангулы Бердымухамедаў, які напачатку нават меў рэпутацыю ліберала і прагрэсіўнага палітыка. Але на справе дэмакратыя пры ім насіла той жа намінальны характар, а культ Ніязава замяніўся культам Бердымухамедава.
Аднак пераемнік не стаў карыстацца магчымасцю пажыццёвага прэзідэнцтва. Як і папярэднік, ён прабыў ва ўладзе 16 гадоў, але сышоў пры жыцці, саступіўшы пасаду свайму сыну Сердару Бердымухамедаву.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.