Без намёкаў. Як палітвязень атрымаў Нобелеўскую прэмію міру
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Змаганне за правы чалавека і турэмнае зняволенне — такім быў яго шлях, каб атрымаць Нобелеўскую прэмію міру.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае гісторыю Нельсана Мандэлы. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
Нельсан Мандэла нарадзіўся 18 ліпеня 1918 года ў сям'і лідара аднаго з кланаў у Капскай правінцыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, якая на той момант была брытанскім уладаннем.
Мандэла належаў да “элітнага” цемнаскурага класа краіны і меў магчымасць атрымаць добрую адукацыю, тады як яго цемнаскурыя аднагодкі былі ў значнай ступені пазбаўлены доступу да элементарных формаў навучання. Будучы змагар за правы чалавека Мандэла быў адзіным цемнаскурым студэнтам, які вывучаў права ва ўніверсітэце, і стаў “першым цемнаскурым юрыстам” краіны.
Прыход да ўлады рэжыму белага апартэіду ў 1948 годзе стаў паваротным момантам у барацьбе Мандэлы супраць расізму. З гэтага перыяду Мандэла пачаў барацьбу супраць апартэіду. У 1950 годзе ён быў абраны прэзідэнтам Моладзевай лігі Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК), якая ў нашы дні з'яўляецца кіраўнічай партыяй ПАР.
У 1955 годзе, калі расізм у дачыненні да цемнаскурых дасягнуў свайго піку, Нельсан Мандэла пачаў асвойваць ідэю “падпольнай барацьбы” супраць расісцкага рэжыму. З гэтага дня Мандэлу неаднаразова арыштоўвалі па шматлікіх абвінавачаннях, уключаючы “здраду Радзіме”.
У 1960 годзе паліцыя адкрыла стральбу па ўдзельніках мірнай дэманстрацыі ў горадзе Шарпевіль — загінулі 69 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці. Пасля гэтага інцыдэнту Мандэла горад за горадам абышоў усю краіну пад выглядам звычайнага кіроўцы, каб сфармаваць “падпольную структуру” АНК.
У пошуках міжнароднай падтрымкі ў барацьбе з расізмам Мандэла выйшаў у турнэ па краінах Афрыкі і сустрэўся з брытанцамі. Пасля вяртання ў ПАР яму было прад'яўлена абвінавачанне ў агітацыі і спробе зрынання ўрада — у 1964 годзе Мандэлу прысудзілі да пажыццёвага зняволення.
Мандэлу адправілі ў турму на востраве Рабэн ля ўзбярэжжа Кейптаўна, дзе ён знаходзіўся да 1982 года. У суровых умовах турмы, дзе ён працаваў на каменяломнях і кар'ерах, Мандэла праводзіў асветніцкую працу з іншымі зняволенымі. Менавіта праз уплыў на зняволеных у 1982 годзе яго перавялі ў турму Полсмур. Адкуль ён быў вызвалены ў 1990-м у выніку інтэнсіўнага ціску міжнароднай супольнасці на ПАР.
29 гадоў таму Нельсану Мандэлу і апошняму беламу прэзідэнту ПАР Фрэдэрыку дэ Клерку ўручылі Нобелеўскую прэмію міру за негвалтоўны пераход ад апартэіду да так званай “нярасавай дэмакратыі”. 10 снежня 1993 года яны разам віталі людзей з балкона гатэля ў сталіцы Нарвегіі Осла. Зрэшты, да гэтага паплечнікі Мандэлы ўгаворвалі яго адмовіцца ад сумеснай прэміі з кіраўніком рэжыму апартэіду, які трымаў будучага прэзідэнта ПАР 27 гадоў у турме.
У якасці лідара АНК Мандэла стаў першым цемнаскурым прэзідэнтам ПАР, выйграўшы выбары 1994 года — першыя дэмакратычныя выбары ў гісторыі краіны.
За час свайго кіравання Мандэла ўнёс важны ўклад у пабудову грамадства, у якім людзі з розным колерам скуры і прадстаўнікі розных культур жылі разам у міры, забяспечыў нацыянальнае прымірэнне ў краіне. А пасля заканчэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў не стаў балатавацца на другі тэрмін.
5 снежня 2013 года Мандэла памёр ад інфекцыі дыхальных шляхоў. За 4 гады да гэтага Генасамблея ААН абвясціла 18 ліпеня Міжнародным днём Нельсана Мандэлы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.