Більярдыст без кія заняў другое месца на чэмпіянаце Беларусі

Семнаццацігадовы Алег Рэчыц з глухой вёскі і без уласнага кія заняў прызавое месца і зараз рыхтуецца да чэмпіянату свету. У пасёлку Інтэрнацыянальным Пружанскага раёна (адкуль родам хлопец) жыве ўсяго 50 чалавек. Ніякай цывілізацыі там няма: бліжэйшы магазін у раённым цэнтры, а дзеці ездзяць на вучобу ў суседнюю вёску. Еўрарадыё вырашыла высветліць, як у правінцыі можна стаць прафесійным гульцом. Аказалася, што хлопца з 9 год трэніруе ўласны бацька Алег Рэчыц. Ніякага стала і кія ў іх дома няма. Пасля таго як бацька заўважыў талент сына, ён прапанаваў суседняму дому культуры набыць два більярдныя сталы. Прычым гэта былі самыя танныя сталы.

Алег Рэчыц (бацька): "Самыя звычайныя шырспажыўныя сталы на ламінаваных ДСП. Мы, як маглі, даглядалі іх, каб яны былі ў парадку. Глядзелі і кіі. Канешне, займаліся не толькі мы, але і ўсе жадаючыя".

Пасля таго як бацька ў Пружанах адкрыў уласны більярдны клуб, Алег Рэчыц пачанаў трэніравацца ў горадзе ўжо на прафесійным стале коштам 2 тысячы долараў. З яго набыццём дапамог дзед Алега, які з’яўляецца васьміразовым чэмпіёнам па більярдзе сярод ветэранаў. Дарэчы, ён зрабіў першы кій свайму ўнуку з звычайнага дрэва. Алег з ім не раз станавіўся пераможцам на шматлікіх турнірах і ездзіў за мяжу. Але сёння перспектыўны спартовец застаўся без уласнага кія: лішняй тысячы долараў у сям’і няма.

Алег Рэчыц (сын): "Зараз і сапраўды ў мяне няма кія. Я гуляю тым, які мне даў адзін украінскі майстар. З ім я выступаю на турнірах."

З верасня Алег Рэчыц вучыцца ў Мінскім гарадскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Яго звалі туды два гады. Як расказаў хлопец Еўрарадыё, зараз ён узмоцнена рыхтуецца да выступлення на чэмпіянаце свету, які адбудзецца ў сярэдзіне лістапада.

Дарэчы, більярд не з’яўляецца алімпійскім відам спорту, і да Алега яшчэ ніхто не вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы алімпійскага рэзерву па гэтым відзе спорту. Яго другі трэнер і выкладчык Юрый Лобач тлумачыць такое рашэнне вельмі проста.

Юрый Лобач: "Ён жыў у Пружанах , дзе не было магчымасці трэніравацца. Тым дзецям, якія жывуць у абласных цэнтрах ці Мінску, не трэба вучыцца ў вучылішчы, каб трэніравацца. Таму вучылішча проста дапамагло яму, вырашыла ўзяць да сябе".

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не перашкаджалі трэніроўкі і турніры вучобе ў роднай сярэдняй школе вёскі Лінова. Па словах дырэктара Анатоля Шука, Алег з лёгкасцю мог стаць не більярдыстам, а матэматыкам.

Анатоль Шука: "Калі рыхтаваўся, тады атрымліваў дзевяць балаў. Нават настаўніца па матэматыцы яму часта казала, каб ён лепей займаўся дакладнай навукай, чым більярдам. Да яго адсутнасці на ўроках настаўнікі ставіліся па-рознаму: нехта гэта разумеў, а нехта нават чапіўся."

А вось па фізічнай культуры ў яго стаіць 8 балаў.

Пакуль Алег Рэчыц плануе прыехаць да хаты на вакацыі, яго трэнер і бацька ўжо прыдумаў, чым яго заняць.

Алег Рэчыц (бацька): "Я бачыў днямі Алега, але яго фізічная форма мне не вельмі спадабалася. Прыедзе - і абавязкова будзем трэніравацца. Трэба падцягнуць яго абавязкова."

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі